Общество
Сяргей Макарэвіч, фота Сяргея Гудзіліна, «Наша Ніва»

У Мінску пакажуць карціны, знятыя з выставы «Пагоні» (выявы твораў)

Мастацкую выставу «Рэпрэсаваныя творы» падрыхтавалі сябры суполкі «Пагоня». Як паведаміў старшыня суполкі Аляксей Марачкін, усяго будзе выстаўлена каля дваццаці прац. Гэта творы, якія цэнзары здымалі з выстаў цягам апошніх шаснаццаці гадоў. Будуць паказаны і тыя, што былі знятыя з экспазіцыі па ідэалагічных прычынах на мінулым тыдні.

Нагадаем, што 12 сакавіка ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава, прысвечаная 20-годдзю суполкі «Пагоня». Як паведаміў Аляксей Марачкін, не дазволілі выставіць шэсць твораў: дзве яго карціны, тры плакаты Уладзіміра Крукоўскага і палатно Віктара Мікіты. На пяці працах прысутнічае нацыянальная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг альбо герб «Пагоня». А карціна Марачкіна «Здані (пераможцы)» прысвечана падзеям 19 снежня 2010 года.

Хто выступіў у ролі цэнзараў? «Кіраўніцтва Саюза мастакоў», — адзначыў Аляксей Марачкін.

Пабачыць гэтыя і іншыя рэпрэсаваныя творы можна 23 сакавіка а 17.00 на сядзібе БНФ (пр-т Машэрава, 8).

Аляксей Марачкін. Здані (пераможцы).

Аляксей Марачкін. Сцяна.

Уладзімір Крукоўскі. Плакат «БНР — 90».

Уладзімір Крукоўскі. Плакат «Свабоду вязням рэакцыі!»

Уладзімір Крукоўскі. Плакат «Што ж мы за людзі?»

Тым часам, з выставы “Пагоня”, зняты яшчэ адзін твор, паведамляе «Наша Нiва».

Гэта істаляцыя Генадзя Драздова і Аляксея Марачкіна «Беларуская піраміда». У Палацы мастацтваў аўтарам паведамілі, што зняць яе загадалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, якія наведалі выставу днямі. Мастакам арганізатары выставы нічога не паведамілі. Адсутнасць твора заўважыў 15 сакавіка Генадзь Драздоў.

Істаляцыя ўяўляла сабой піраміду, на якой кожны жадаючы мог пакінуць любы запіс. Людзі пісалі пра сённяшнюю сітуацыю ў краіне, адзначае сп. Марачкін.

Дзе цяпер знаходзіцца інсталяцыя аўтары не ведаюць. Калі яна яшчэ цэлая і ўдасца яе забраць, магчыма, «Беларускую піраміду» пакажуць на выставе «Рэпрэсаваныя творы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)