Общество
Анастасія Зелянкова

У Мінску мастакі ўшанавалі ахвяраў сталінізму

На Сядзібе БНФ адкрылася выстава, прысвечаная ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Творы беларускіх мастакоў усхваляюць слаўных сыноў Бацькаўшчыны, якія адчулі на сабе ўсе жахі бальшавісцкага тэрору — былі рэпрэсаваныя, расстраляныя або загінулі ў ГАЛАГах. Разам з адкрыццём выставы адбылася і прэзентацыя кнігі Леаніда Маракова “Ахвяры і карнікі”.

— Прыйдзе час, калі мы зможам належным чынам аддаць даніну памяці нашым загінулым продкам, — адзначыў на адкрыцці выставы 26 кастрычніка мастак Мікола Купава. — Сёння мы паспрабавлі мастацкімі сіламі зрабіць гэтую мемарыялізацыю. Галоўнае, што мы памятаем. А калі памятаем — значыць жывем.

На партрэтах беларускіх мастакоў — Уладзімір Дубоўка, Тодар Кляшторны, Ян Скрыган, Вацлаў Ластоўскі і іншыя ключавыя постаці ў нашай гісторыі.

Бард Андрэй Мельнікаў выканаў песню, прысвечаную загінулым у сталінскіх засценках.

Падчас адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя кніг Леаніда Маракова “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі”, “Рэпрэсаваныя святары”, “Ахвяры і карнікі”. У апошняй разам з тысячамі імёнаў бязвінна закатаваных у гады сталінскага тэрору прыведзеныя і дзясяткі прозвішчаў тых, хто вынішчаў нашых продкаў — супрацоўнікаў НКВД, якія ўдзельнічалі ў допытах і катаваннях.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)