Политика

У Мінскім ЦУМе прадаюць цішоткі з выбарчым слоганам Аляксандра Лукашэнкі

Паводле меркавання юрыста Юрыя Чавусава, падобны факт з’яўляецца яскравым прыкладам парушэння ўстаноўленага заканадаўствам парадку агітацыі.

У Мінскім Цэнтральным універмагу прадаюцца цішоткі з выбарчым слоганам Аляксандра Лукашэнкі «За будучыню незалежнай Беларусі!».

Адметна тое, што вытворацай цішотак з’яўляецца прадпрыемства «Світанак», паведамляе прэс-служба кампаніі «Права выбару-2015».

Інфармацыю пра гэта прыслаў адзін з першых карыстальнікаў новай мабільнай прылады «Вочы» , мэта якой выяўляць парушэнні выбарчага заканадаўства падчас правядзення прэзідэнцай выбарчай кампаніі. Высланая інфармацыя з’явілася на мапе сайта electby.org.

Сітуацыю пракаментаваў юрыст кампаніі назірання «Права выбару-2015» Юрый Чавусаў:

— Гэтыя цішоткі, безумоўна, адносяцца да агітацыйнай прадукцыі — на іх нанесены слоган выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі і адпаведны лагатып, які выкарыстоўваўся як на стадыі збору подпісаў, так і цяпер на стадыі агітацыйнай кампаніі.

Юрыст кампаніі назіраня паведамляе, што продаж гэтых цішотак з’яўляецца яскравым прыкладам парушэння ўстаноўленага заканадаўствам парадку агітацыі.

Згодна з ч.8 арт.48 Выбарчага кодэкса, грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі, не маюць права аказваць матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, апроч ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў у Прэзідэнты. Продаж агітацыйнай прадукцыі выбарчым заканадаўствам не прадугледжаны.

— У гэтым выпадку парушэнне здзейсненае як вытворцай гэтай прадукцыі, так і тым, хто здзяйсняе яе рэалізацыю на камерцыйнай аснове. Можна меркаваць, што робіцца гэта сіламі дзяржаўных прадпрыемстваў і лаяльнымі ўладам грамадскімі аб'яднаннямі, якія абвесцілі пра гэтак званую акцыю «За будучыню незалежнай Беларусі!».

Гэтая акцыя адбываецца пад слоганам Лукашэнкі і рэалізуецца грамадскімі аб’яднаннямі, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, — гаворыць Юрый Чавусаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)