Общество
Іна Студзінская, Радыё Свабода

У Менску прэзэнтавалі кнігу Ўладзімера Арлова «Пакуль ляціць страла»

Прэзэнтацыя адбылася ў кнігарні «логвінаЎ» на Незалежнасці, 37а. Кніга «Пакуль ляціць страла» выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Адкрыў імпрэзу Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода, які назваў сябе яшчэ і бібліятэкарам. Ён сказаў, што не выпадкова фэстываль «Бібліятэкі Свабоды» адкрываецца кнігай Уладзімера Арлова. Бо кніга — гэта праход аўтара па нацягнутым канаце над безданьню.

Лукашук: «А ў гэтай праходцы, над гэтай безданьню ён ня толькі мусіў захоўваць хуткасьць і трымаць балянс, але мусіў фехтаваць зь мінулым, зхаймацца боксам з сучаснасьцю і галоўнае — выйграць дуэль з будучыняй. Адзіная галоўная цнота, якая аб’дноўвае радыё і літаратуру — гэта дакладнасьць, прыўкрасная і бязьлітасная. І калі ўзьнікла назва гэтай кнігі — „Пакуль ляціць страла“ — мы падумалі, а колькі насамрэч ляціць страла? Каб адказы ў эфіры гучалі менавіта столькі. Аказалася, баявы палёт стралы цягнецца ўсяго некалькі сэкундаў. І тады мы, канечне, узгадалі Зянона. Апоры Зянона пра дыскрэтную прастору, у якой страла ляціць і ніколі ня падае, але заўсёды патрапляе ў цэль».

Вёў імпрэзу сам аўтар, Уладзімер Арлоў. Ён шчыра прызнаўся, што ў яго ніколі не было столькі суаўтараў — іх прынамсі 100.

«Пытаньні былі самыя розныя. Я не рабіў нейкага суровага адбору. Мне задавалі пытаньні вечныя і недарэчныя, прыватныя і філязофскія, наіўныя і падступныя. У мяне пыталіся, ці праўда, што я ў дзяцінстве быў трансвэстытам, за што я ўкусіў настаўніка маляваньня ў пятай клясе... І разам з тым, у мяне пыталіся, ці баюся я сьмерці і ў чым сэнс жыцьця», — сказаў Уладзімер Арлоў.

Паэт, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Уладзімер Някляеў узгадаў, як у дзяцінстве рабіў лук, і заўсёды ўзьнікала праблема — куды страляць?

«Дык вось у адрозьненьне ад той маёй дзіцячай праблемы, сытуацыя зразумелая на сёньняшні дзень. І вось гэта разуменьне — куды ляціць выпушчаная ім страла і куды рухаецца сам Арлоў — ім нам і дадзеная. І ў гэтай кнізе, і ў папярэдніх. І зразумела, што спроба зрабіць лук, стралу, стрэліць, сказаць, дакрычацца, дагрукацца — адна: падняць нас над тым побытам, над той сытуацыяй, у якоё на сёньняшні дзень апынуліся, і яшчэ вышэй падняць над намі тое, што ён больш за нас любіць, і, магчыма, больш за сябе самога — Полацак, а значыць, Беларусь».

Некалькі пачалі пісацца адначасова з чытаньнем кнігі „Пакуль ляціць страла“. Толькі пад уражаньнем кнігі Арлова ўсё гэта вярнулася да мяне

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч распавёў, што прачытаў кнігу Арлова ў красавіку ў электонным выглядзе, калі быў у Парыжы. І кніга яго ўрэшце натхніла: «Так склалася, што я дзесьці з год ня крэмзаў па паперы, ня стукаў па клявішах ноўтбуку — не пісалася вершаў-вершыкаў. Некалькі пачалі пісацца адначасова з чытаньнем кнігі „Пакуль ляціць страла“. Толькі пад уражаньнем кнігі Арлова ўсё гэта вярнулася да мяне , і я такі напісаў вершык пра кроткі».

Падчас прэзэнтацыі Ўладзімер Арлоў правёў віктарыну, задаваў, здавалася б, простыя пытаньні. Да прыкладу, колькі гадоў Полацку? Адказ быў — 1150. А Арлоў не пагадзіўся:

«Прыкладна 1600 гадоў Полацку. Ён узгадваўся ў ісляндзкіх сагах пятага стагодзьдзя. Таму нам трэба браць прыклад зь Кіева, які ўжо даўно 1500 гадоў адзначыў, хоць згадваецца з Полацкам пад тым самым годам упершыню ў летапісу».

І такіх складаных пытаньняў было шмат. Зь першай спробы правільна адказаць удавалася адзінкам. Уладзімер Арлоў пераможцам віктарыны дарыў кнігу з аўтаграфам.

Літаратар, мастак і выдавец Адам Глобус, які звычайна ўсіх крытыкуе, гэтым разам прыйшоў пахваліць аўтара: «Ты пішаш, выдаеш кніжкі не для прэзэнтацыі, не для фуршэту, ты пішаш для чытачоў. Гэта самае важнае — пісаць для чытачоў. Бо кніга згубіла сакральнасьць. А ты, наадварот, вяртаеш сакральнасьць. Ты зрабіў кніжку, дзе ёсьць адказы на ўсе пытаньні. Больш за тое: гэта кніжка — папрок. Папрок такім, як я, які на сустрэчах з чытачамі абяцае, што каму не пасьпеў адказаць сёньня, абавязкова адкажу ў інтэрнэце, на наступнай сустрэчы, потым гэтыя цэдулкі губляю, А ты акуратна сабраў, адказаў. Гэта кніжка — папрок, гэта кніжка — узор усім нам, што так трэба рабіць».

А філёзаф Валянцін Акудовіч шчыра зайздросьціць тым, хто кнігу яшчэ не прачытаў: «Фокус таленту: Уладзя Арлоў —фантастычна таленавіты бэлетрыст. І не істотна, пра што ён піша: пра тое, што я сто разоў ведаю альбо наагул ня ведаю. Я пакуль не прачытаў кніжку да раніцы — я не мог яе пакінуць. Ведаеце, я так зайздрошчу тым, хто гэту кнігу яшчэ не чытаў. У вас будзе столькі асалоды!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)