Общество
Радыё Свабода

У Менску пачаліся Дні Эўропы

Іх арганізавалі дыпляматычныя місіі краінаў Эўрапейскага зьвязу і краінаў-кандыдатаў на далучэньне да Зьвязу, пры падтрымцы Эўракамісіі. Ад сёньняшняга дня й да канца тыдня ў сталіцы Беларусі пройдзе мноства імпрэзаў.

Майра Мора — амбасадарка Латвіі, краіны, якой Эўразьвяз даручыў каардынаваць у Менску падрыхтоўку да сьвята, — падкрэсьлівае: Эўропа ня мае намеру адгарадзіцца ад Беларусі жалезнай заслонай. Наадварот, эўрапейцы хочуць, каб насельніцтва Беларусі як мага больш ведала пра агульныя эўрапейскія справы. І правядзеньне Дзён Эўропы, на яе думку, пацьвярджае гэта. Амбасадарка нагадвае, што эўрапейскія структуры апошнім часам прынялі шмат дакумэнтаў адносна Беларусі.

(Мора: ) “І ў кожным ёсьць пра тое, што Эўрапейскі Зьвяз жадае паляпшэньня дачыненьняў зь Беларусьсю і бачыць крокі, якія трэба зрабіць беларускім уладам, каб дамагчыся гэтага паляпшэньня”.

Ён Боўг — кіраўнік кіеўскага офісу Эўракамісіі, які ахоплівае сваёй дзейнасьцю Ўкраіну ды Беларусь, тлумачыць, чаго чакае ад афіцыйнага Менску Брусэль:

(Боўг: ) “Эўразьвяз яшчэ раз падкрэсьлівае сваё жаданьне паглыбіць дачыненьні зь Беларусьсю — прынамсі, у рамках палітыкі эўрапейскага добрасуседзтва, пры ўмове, што беларускія ўлады яскрава пакажуць жаданьне паважаць дэмакратычныя каштоўнасьці й прытрымлівацца законаў”.

На дачыненьні беларусаў з краінамі Эўразьвязу адмоўна ўплывае вялікі кошт уязных візаў. Прыкладам, за шматразовую візу ў суседнюю Латвію на паўгоду трэба заплаціць 70 эўра. Супрацоўнік гэтай амбасады Рэйна Шмітц гаворыць, што ў эўрапейскіх кулюарах абмяркоўваюць магчымыя льготы для жыхароў Беларусі пры атрыманьні візаў. Магчыма, гэта адбудзецца пры пашырэньні шэнгенскай прасторы, у 2007 ці 2008 годзе:

(Шмітц: ) “Я думаю — чаму не? Гэта магчыма, натуральна. Галоўнае, як паглядзяць на гэта тыя краіны, што ўжо ўваходзяць у Шэнгенскае пагадненьне. Гэта ўсё магчыма”.

Дні Эўропы традыцыйна адзначаюцца ў траўні. Гэты месяц абраны таму, што 56 гадоў назад тагачасны міністар замежных справаў Францыі Рабэр Шуман упершыню публічна прадставіў канцэпцыю зьяднанай Эўропы. Два гады таму, пасьля апошняга пашырэньня Эўразьвязу, Беларусь стала межаваць з Эўразьвязам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)