У Менску не дазволілі акцыю апазыцыі да Дня сьвятога Валянціна

Менскі гарвыканкам адмовіў маладым дэмакратам у правядзеньні традыцыйнай акцыі у Дзень сьвятога Валянціна. Пра гэта БелаПАН паведаміла адна з актывістак моладзевага дэмакратычнага руху Анастасія Палажанка.

Зь ейных словаў, прычынай адмовы паслужыла тое, што заяўнікі акцыі не ўказалі ў заяўцы месца сваёй працы. “Гэты фармальны момант стаў прычынай поўнай адмовы ў правядзеньні акцыі. Нас нават ня выправілі на плошчу Бангалор”, — заявіла А.Палажанка. Яна таксама апавяла, што заяўнікаў акцыі выклікалі на размову ў міліцыю. Запрашэньне было зроблена па тэлефоне, але яны адмовіліся туды ісьці бяз позвы.

Пры гэтым моладзевыя актывісты заяўляюць, што акцыя адбудзецца “ў любым выпадку”. Са словаў аднаго зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука, ніякія арышты не перашкодзяць правесьці акцыю. “Акцыя пад дэвізам “Беларусь — у Эўропу!” цяпер супадае з рыторыкай кіраўніка беларускай дзяржавы наконт нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам. І калі акцыя будзе разагнаная, на гэтай рыторыцы можна папросту паставіць крыж”, — лічыць Зьміцер Хведарук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)