Общество

У Маладзечна за ноч разабралі карціны з выставы, якую зладзілі на сметніку

Незвычайны арт-праект арганізаваў маладзечанскі мастак Bazinato.

Фота Наталлі Тур

3 чэрвеня ў Маладзечна адкрылася незвычайная выстава карцін. Мясцовы мастак Bazinato арганізаваў экспазіцыю на сметніку ў двары дома па вуліцы Янкі Купалы, 110.

У ёй прадстаўлены работы дзесяці сучасных беларускіх мастакоў. Сярод якіх Андрэй Анро, Сяргей Шабохін, Жанна Гладко, Даша Заічанка, Міхаіл Гулін, Аляксей Лунёў, Воля Сасноўская, Алеся Галото, Bazinato,  Юра Шуст.

— Лепш знаёміць людзей з творчасцю на сметніцы, чым увогуле ніяк, — расказаў «Рэгіянальнай газеце» аўтар праекта.

Фота Наталлі Тур

Мастак прызнаў, што рэакцыя ў жыхароў дома на выставу была неадназначная:

— Прыходзіла са смеццем і маладая дзяўчына. Выкінула і хуценька пабегла, сказала, што не разумее такога мастацтва. А вось жанчына, наадворот, з цікавасцю паглядзела на работы, якія ўжо віселі, сказала, што ў некаторых ёсць падабенства з Малевічам. Сёння шмат камер, а таму людзі могуць адчуваць сябе ніякавата. Важна, каб быў эфект нечаканасці — чалавек выкінуў смецце і застаўся сам на сам з карцінамі, паглядзеў на іх, ацаніў, падумаў.

Фота Наталлі Тур

Галерэя на сметніцы доўга не пратрымалася — а палове дзясятай вечара пачалі выносіць першыя карціны. Сведкамі гэтага сталі карэспандэнты выдання.

— Не месца такой прыгажосці на сметніцы. Няхай лепш дома захоўваецца, — патлумачыла журналістам «РГ» кампанія, што несла адну з карцін.

А палове дванаццатай заставалася толькі пяць карцін. Таблічкі былі ў поўным складзе. Адну з карцін, відаць, хацелі адарваць жыўцом – не паддалася, аднак адарвалася ад рамкі. Яе не ўзялі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)