У Магілёве завяршыўся аўтапрабег салідарнасьці

У Магілёве завяршыўся аўтапрабег салідарнасьці. 19 ліпеня яго распачалі сябры незарэгістраванага “Маладога фронту”. Моладзевыя актывісты аўтапрабегам па Беларусі адзначылі 26-годзьдзе палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, а таксама выказалі салідарнасьць з рэпрэсаванай і зьняволенай моладзьдзю. На працягу двух дзён актывісты наведалі Баранавічы, Салігорск, Шклоў ды Магілёў.

У аўтапрабегу ўзялі ўдзел каля дваццаці чалавек. У Дзяржынску міліцыянты затрымалі аўтамабілі, на якіх ехалі маладафронтаўцы. Далей моладзь працягнула акцыю грамадзкім транспартам.

Пра аўтапрабег салідарнасьці на Магілёўшчыны расказаў “Свабодзе” Павал Севярынец:

“Нам удалося ўсё-такі прарвацца да Апалонаўкі, да таго месца, дзе знаходзіцца калёнія і ўтрымліваецца Зьміцер Дашкевіч. Там нас сустрэлі дзясяткі міліцыянтаў з машынамі. Там нас завезьлі ў раённы аддзел Шклова.

Калі мы былі ў Шклоўскім раённым аддзеле міліцыі, мы дамагліся сустрэчы з прадстаўнікамі папраўчай калёніі №17, дзе ўтрымліваецца Зьміцер Дашкевіч. Прыехалі прадстаўнікі калёніі маёр Балышкін і опэрупаўнаважаны, які вядзе справу Зьмітра Дашкевіча. Яны катэгарычна адмовілі ў сустрэчы, але мы змусілі іх даць слова афіцэра, што яны перакажуць нашы віншаваньні Зьмітру.

Мы хацелі трапіць да Артура Фінькевіча на працу, але з працы яго перавезьлі ў Магілёў, у камэндатуру. Мы цяпер перадаем магілёўцам для яго падарунак – торт – і наказ наведаць яго ў камэндатуры, калі гэта будзе магчыма”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)