У Магілёве суд не задаволіў скаргі прафактывістаў

Ленінскі суд Магілёва пад старшынствам Валянціны Лапацінай не задаволіў скаргу прафсаюзных актывістаў Юрыя Новікава й Сяргея Фаміна на неправамерныя дзеяньні кіраўніка справамі гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі.

Актывісты вінавацілі чыноўніка ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў ды парушэньні закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

24 жніўня чыноўнік забараніў правядзеньне пікету за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Сваё рашэньне Ігар Аўсеенка матываваў тым, што акцыі пратэсту супраць утрыманьня грамадзянаў пад вартай — спосаб ціску на судовыя органы ўлады.

Праз суд актывісты намагаюцца адмяніць пастанову Магілёўскага гарвыканкаму і абавязаць яго зноў разгледзець заяўку на пікетаваньне.

27 снежня кіраўнік справамі гарвыканкаму ў суд не прыйшоў. Ягоныя інтарэсы бараніла супрацоўніца пратакольна-прававога аддзелу гарвыканкаму Лілія Дзенісевіч. Скаргі актывістаў спадарыня Дзенісевіч не прызнала. Сваю пазыцыю яна матывавала тым, што заяўнікі пікету парушылі месячны тэрмін абскарджаньня пастановы гарвыканкаму ў судзе.

Парушэньне тэрміну абскарджаньня і сталася падставай для адмовы ў задаволеньні скаргі спадароў Новікава і Фаміна.

Сяргей Фамін і Юры Новікаў будуць абскарджваць вырак Ленінскага суду ў Магілёўскім абласным судзе.

31 кастрычніка Магілёўскі аблвыканкам прызнаў, што падчас разгляду заяўкі на пікетаваньне было парушана заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Аблвыканкам абавязаў гарвыканкам больш якасна разглядаць звароты грамадзянаў.