Общество

«У Магілёве да нас звярталіся «лэдзі» і дазволілі развесіць пакеты і рушнікі ў камеры па схеме бчб»

Кацярыне Атрахімёнак — 22. За апошнія месяцы яна паспела пяць разоў быць асуджанай па адміністрацыйных артыкулах — агулам правяла за кратамі 55 сутак.

У інтэрв’ю Нашай ніве дзяўчына расказала пра свае затрыманні і суткі. Прапануем найбольш цікавыя моманты з яе расповеда. 

***

«12 лістапада ў Жодзіне я адсвяткавала свой дзень народзінаў. Сукамерніцы зляпілі мне з печыва і зефірак торт. Паставілі туды запалку як свечку.

А мясцовы супрацоўнік, які чуў, як мяне асудзілі, прасунуў мне ў кармушку тры рафаэлкі. Было вельмі кранальна.

Пры ўсім пры гэтым стаўленне да людзей у Жодзіне агулам у тыя дні было нечалавечым: хлопцаў, як кажа Каця, прымушалі перасоўвацца на карачках. На ўсіх крычалі, абзывалі «шкурамі».

***

«Пасля гэтага Магілёў падаўся нечым неверагодным. Там да нас звярталіся «лэдзі». Дазволілі развесіць пакеты і рушнікі ў камеры па схеме «бчб». А я нават умудрылася алоўкамі распісаць аблезлую сцяну каля прыбіральні: намалявала там кветкі. Праўда, пасля нібыта прыехала начальства з Мінска — знікла і гарачая вада, і матрацы прыйшлося звярнуць, і рушнікі нашы».

***

«У студзені ўмовы на Акрэсціна былі горшымі: па-першае, не хапала месцаў, па-другое, не прымалі перадачы, па-трэцяе — не выдавалі матрацы (адміністрацыя адказвала: «Іх з’елі клапы»). Сам прыём туды пачаўся з таго, што ўсіх у калідоры прымушалі прайсціся па бел-чырвона-белым сцягу пад нагамі».

***

«У РУУС супрацоўнікам не спадабаўся мой заплечнік з налепкамі з арнаментам і Пагоняй, а таксама бел-чырвона-белы манікюр.

Мне сказалі, што бел-чырвона-белы манікюр заклікае людзей да агрэсіўных дзеянняў, навязвае мой пункт гледжання. І тыпу, калі б не ён і налепкі, мяне б адпусцілі дадому. Пратакол у выніку «ляпілі» некалькі гадзін. 23.34 скласці не змаглі, відаць, і аформілі 23.4 за супраціў міліцыянерам. І гэта ўсё пры тым, што мяне проста забралі з інтэрната, калі я спала! Транспарціроўку на Акрэсціна прачакала ў малпоўні разам з п’янай бамжыхай, якую ванітавала наўпрост на падлогу».

***

І на Акрэсціна, і ў Жодзіне Кацю сустракалі як сваю: «Атрахімёнак, зноў ты?! Мы ж цябе нядаўна выпускалі».

***

Пра магчыма ад’езд: «Я маці кажу, што гэтага не будзе, пакуль усё тут не скончыцца. Калі пачала змаганне, трэба скончваць. Са мной сядзелі такія цудоўныя людзі: айцішнікі, дактары, юрысты, бухгалтары, настаўнікі, апошні раз і музыкі з «Разбітага сэрца пацана» былі праз камеру. А колькі цудоўных людзей зараз у няволі, пры тым што сапраўдныя злачынцы гуляюць па вуліцах: чалавека забілі, а ніхто не спяшаецца разбірацца. Нельга, каб усё гэта засталося беспакараным. Таму за сябе я не баюся. Для мяне самае страшнае — калі людзі замаўчаць і забудуць, што з імі зрабілі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(31)