Общество
Віталіна Грахоўская, Еўрарадыё

У Магілёўскім універсітэце да замежнікаў прыставяць супрацоўнікаў ВНУ

З сакавіка гэтага году, каб выехаць за мяжу, супрацоўнікі і студэнты Магілёўскага дзяржаўнага Універсітэту імя Куляшова, павінны інфармаваць пра гэта дэкана. У заяве, якую мусяць напісаць падапечныя, павінны ўказаць тэрмін і месца выезду не пазней, як за два тыдні да даты ад’езду.

Як зазначаецца ў загадзе, яго мэта – забяспечцыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў. Тым больш дзіўнай здаецца гэтая мэта, калі прачытаць усе пункты загаду.

Так, паводле дакументу, універсітэт павінен выключыць з вучэбнай праграмы ўсе не санкцыянаваныя кіраўніцтвам універсітэту кантакты выкладчыкаў і студэнтаў з прадстаўнікамі замежных акранізацыяў. Таксама трэба абавязкова замацоўваць за прадстаўнікамі замежных арганізацыяў супрацоўнікаў гэтай ВНУ.

Як расказаў Еўрарадыё студэнт 2-га курсу гістфаку МДУ Дзяніс, падпісаць загад давялося ўсім студэнтам без выключэння. У іншым выпадку ім пагражалі праблемы:

Дзяніс: “Загад гэты быў. Нам пра яго абвесцілі. Сказалі, каб мы прыйшлі і падпісаліся пад ім, але ніхто не пайшоў. Тады да нас саміх прыйшлі з гатовымі паперамі, дзе былі нашыя прозвішчы. Папрасілі, каб падпісаліся ўсе, каб было менш праблемаў. Там, вядома, шмат хто супраціўляўся. Але, хто не падпісаўся з першага, другога, канечне, прыходзілі, і яны падпісвалі з трэцяга і чацьвёртага разу”.

Сам Дзяніс падпісаў загад з першага разу. Зусім хутка паедзе ў Польшчу на навучанне. Спачатку ніякай заявы пісаць не збіраўся, аднак потым, каб пазбегнуць праблемаў, вырашыў гэта зрабіць. Тым больш што ў дэканаце яму параілі паслухацца.

Дзяніс: “І там вельмі культурна сказалі, што мы не супраць вашага выезду, але вы павінны напісаць заяву, з якога па якога будзеце на навучанні за межамі, і дзе менавіта вы будзеце жыць і навучацца”.

Студэнтам, вядома, новаўвядзенне не спадабалася. І ўжо знаходзяцца тыя, што хоць і падпісалі загад, ні ў кога адпрошвацца не будуць. Гаворыць Дзяніс:

“Ну, судэнты, канечне, супраць. Шмат хто не збіраецца пісаць ніякіх заяваў. У мяне ёсць знаёмая, якая збіраецца ехаць адпачываць у Амерыку, яна не будзе пісаць ніякіх заяваў. Яна так і сказала: “Каму якая справа куды я еду?”

Дачакацца каментароў ад рэктара універсітэта нам так не ўдалося. У рэктараце Еўрарадыё сказалі, што загад – унутранага карыстання, таму ніякіх каментароў не будзе:

Рэктарат МДУ: “Загад – ёсць загад. Ён унутранага карыстання. Якія каментары? Рэктар сказаў, і не будзе даваць ніякіх каментароў”.

Начальнік упраўлення міжнародных сувязяў Беларускага дзяржаўнага Універсітэта Уладзімір Ціханаў запэўніў Еўрарадыё, што ў іх такой сістэмы няма. А студэнты і выкладчыкі павінны даваць справаздачу ВНУ толькі, калі едуць за мяжу афіцыйна: на канферэнцыю ці службовую выправу:

Уладзімір Ціханаў: “У нас ніякіх такіх цэнтральных указанняў, ні тым больш БДУ сам нічога такога ў гэтым накірунку ніколі не арганізоўваў. Калі ты едзеш у межах нейкай камардзіроўкі, то па вяртанні, натуральна, ты павінен даць справаздачу пра тое, што ты з’ездзіў туды. А калі ты сам едзеш, дык калі ласка, хто цябе трымае?”

Але некаторыя студэнты не губляюць пачуцця гумару і нават перад паездкай у Расію збіраюцца адпрошвацца ва універсітэце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)