Неабыякавыя

Марына Міхайлава

«У людзей з сабой толькі «турэмныя» сумкі і пакеты. І з гэтым яны мусяць распачынаць жыццё з нуля»

Прадстаўнік фонду BYSOL Зміцер Ягораў — пра падтрымку ахвяр рэпрэсій, якая мусіць быць доўгатэрміновай.

На раніцу 16 снежня экстранны збор, абвешчаны фондам BYSOL для падтрымкі ўсіх палітзняволеных, якія выйшлі на свабоду і былі вывезеныя з краіны гэтымі днямі, перавысіў заяўленую мэту больш, чым удвая. Сабрана ўжо 251,8 тысяч еўра. Усю суму, якую атрымаецца сабраць да 31 снежня, падзеляць паміж палітвязнямі, вызваленымі 13 снежня.

Прыбыццё белаускіх палітвязняў ва Украіну 13 снежня

Але ў той жа час гэтага хопіць для закрыцця неадкладных патрэб у першы, найбольш цяжкі час эміграцыі — але наўрад ці дазволіць зняць жытло больш чым на пару месяцаў, прайсці паўнавартасную медыцынскую і псіхалагічную рэабілітацыю, працягнуць без пенсіі альбо заробку да атрымання легальнага статусу ў Еўропе.

— Сітуацыя, у якую трапілі палітвязні, фактычна выкінутыя з Беларусі, можна назваць экстрэмальнай: яны апынуліся ў чужой краіне, не маючы нічога, — зазначае ў каментары «Салідарнасці» прадстаўнік фонду Зміцер Ягораў. — Па нешматлікіх відэа бачна, што ў людзей з сабой толькі «турэмныя» сумкі і пакеты: побытавыя рэчы, лісты і ўсё.

Зміцер Ягораў. Фота: Facebook

І з гэтым чалавек мусіць распачынаць жыццё з нуля, вырашыць шэраг няпростых рэчаў, пачынаючы ад легалізацыі ў новай краіне, ад таго, каб зняць без дакументаў жытло, падумаць пра працу, толькі выйшаўшы з турмы.

2000 еўра на старт — тое, што дапамагае закрыць толькі неадкладныя патрэбы і на самы першы час: вопратка, лека, смартфон, паспрабаваць зняць пакой або невялікую кватэру. І тое трэба памятаць, што ў кожнага чалавека свае ўласныя патрэбы, напрыклад, тэрміновае лекаванне,  рэабілітацыя.

Наогул, большасць вязняў, якія выходзяць з лукашэнкаўскіх турмаў, маюць вельмі вялікія і сур’ёзныя праблемы са здароўем. Безумоўна, ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць з гэтымі пытаннямі. Аднак усё і адразу вырашыць немагчыма. І трэба адрозніваць экстраную дапамогу на першы час, і дапамогу, якая патрэбная без перабольшання гадамі, каб адысці ад беларускай турмы.

Таму мы вельмі ўдзячныя тым, хто не спыніўся данаціць на гэты збор, калі мэтавая квота была дасягнутая — і данацяць далей. Гэта тое, чым мы можам падтрымаць усіх вызваленых.

Нагадаем: заяўленая мэта ў €123 тысячы была дасягнутая цягам 3 гадзін ад абвяшчэння збору — такі ўсплёск салідарнасці шчыра цешыць і ўражвае. Значыць, нягледзячы на пяць год рэпрэсій, беларусы застаюцца салідарнымі і гатовыя дапамагаць.

— Гэты феномен паўтараецца, — гаворыць Зміцер Ягораў, — што вельмі радасна. Так было падчас анлайн-марафону, падчас экстраннага збору ў верасні і паўтарылася цяпер, калі можна было ў рэжыме анлайн глядзець, як расце колькасць данатаў.

Вельмі класна, што мы ўсе адгукаемся на такія вельмі медыйныя падзеі. Але хачу дадаць: ёсць зборы, якія прыцягваюць менш медыйнай увагі і тым не менш, яны вельмі важныя. Да прыкладу, персанальныя зборы — калі былы палітвязень ці яго сям’я збіраюць грошы на штосьці вельмі канкрэтнае, на лекаванне ці жытло, пакуль чалавек стане на ногі.

Нагадаем: адначасова ідзе і традыцыйны збор для дзетак палітвязняў. Гэта спосаб перадаць ім не толькі наша цяпло і падтрымку, але і зрабціь рэальныя падарункі на Новы год.

Прадстаўнік фонду BYSOL зазначае, што дынаміка гэтага збору выглядае зусім інакш, з заяўленай мэты ў 21 тысячу еўра пакуль сабрана менш за палову.

— Натуральна, людзі данацяць на тыя мэты, што ім адгукаюцца, што закранаюць іх сэрцы. Але ж мы спадзяемся, што дзіцячы збор, а таксама персанальныя, будуць даходзіць да людзей і завяршацца паспяхова.

Далучыцца да кожнага з гэтых збораў — паўторымся, калі для вас гэта бяспечна — можна проста цяпер. Дый дапамога для вызваленых гэтымі днямі 123 чалавек, дадае Зміцер Ягораў, не абмяжоўваецца адзінкавым усплёскам салідарнасці:

— Мы плануем знайсці сродкі для іх удзелу ў праграме BYSOL з аднаразовай дапамогай па 1000 еўра, плюс суму экстраннага збору падзелім паміж усімі вызваленымі. І, канешне, кожны і кожная з іх маюць права падацца на асабісты збор, калі ў іх ёсць незакрытыя патрэбы.

Акрамя прыватных збораў, можна звярнуцца па падтрымку ініцыятыў — умоўна, Павал Севярынец захоча напісаць і выдаць кнігу і спатрэбяцца сродкі на гэта. Альбо хтосьці плануе запусціць YouTube-канал. З дапамогай BYSOL можна гэта зрабіць, у нас ёсць такі досвед.