Политика

Зміцер Панкавец, Наша Нiва

У кіраўніка дзяржавы з’явіліся новыя памочнікі па Мінску і Брэсце. Хто яны?

Кіраўнік краіны 12 лютага прызначыў новых памочнікаў па Мінску і Брэсцкай вобласці. «Вушамі і вачыма» прэзідэнта па сталіцы стаў былы пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма.

Віталь Прыма. Фота twitter.com

Зрэшты, не трэба падманвацца: Віталь Прыма — выхадзец не з дыпламатычнай сферы, а з машынабудаўніцтва. Яму 43 гады, а родам ён са Слоніма.

Вучыўся ў БНТУ па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне ў машынабудаванні» (1997). Па размеркаванні паехаў працаваць у Барысаў на завод «Аўтагідраўзмацняльнік». Працаваў там эканамістам да 2001 года. Потым шэсць гадоў аддаў заводу БелАЗ. У 2007 годзе Прыму забралі ў Мінск у Міністэрства прамысловасці. Ад 2009 — быў намеснікам міністра.

У 2012 годзе спадар Прыма быў прызначаны паслом Беларусі ў Індыю (Шры-Ланка, Непал і Бангладэш па сумяшчальніцтве). Індыя — адзін з галоўных купцоў беларускіх БелАЗаў, таму такі выбар невыпадковы.

«Вам давядзецца падымаць цэлы пласт», — так Лукашэнка настаўляў Прыму перад прызначэннем паслом. Маўляў, гэта перспектыўная краіна. І яна гатовая шмат чаго купляць у Беларусі.

Падчас працы ў Індыі захапіўся ёгай. Выстаўляў здымкі з заняткаў у твітары. Жанаты, мае траіх дзяцей.

Памочнікам прэзідэнта па Брэсцкай вобласці стаў Анатоль Маркевіч, які да гэтага быў старшынёй Навагрудскага райвыканкама. Адметна, што старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс у свой час таксама ўзначальваў менавіта Навагрудскі райвыканкам.

Анатоль Маркевіч. Фота газеты «Новае жыццё»

Маркевічу 47 гадоў. Ён родам з вёскі Громкі Шчучынскага раёна. Вучыўся на настаўніка матэмытыкі ў Брэсцкім педагагічным універсітэце. Пасля працаваў настаўнікам на радзіме ў Шчучыне. Ужо ў 28 гадоў стаў дырэктарам Карэліцкай СШ №1.

Ад 2002 года — на чыноўніцкай працы. Спачатку працаваў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама. У 2011-м — стаў старшынёй Навагрудскага райвынкама.

За час працы ў Навагрудку запомніўся тым, што ініцыяваў летась малебен з просьбай аб дажджы. Тады ў наваградскі сабор прыйшла ўся раённая вертыкаль. Яшчэ Маркевіч адмовіўся надаць адной з вуліц Навагрудку імя навукоўца Барыса Кіта. «Навагрудскі райвыканкам палічыў гэта немэтазгодным», — было ў адказе Маркевіча.

Маркевіч таксама мае траіх дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(15)