Общество
Алесь Чайчыц, «Наша Ніва»

У Лондане пачынаецца будаўніцтва беларускай царквы

Уніяцкую царкву Святога Кірылы Тураўскага збудуюць побач са знакамітай Бібліятэкай імя Скарыны.

Абрысы будучай царквы

7 лютага ў Лёндане адбудзецца абрад закладзінаў нарожнага каменя Царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага і Ўсіх Сьвятых Заступнікаў Беларускага Народу, расказаў «Нашай Ніве» а. Сяргей Стасевіч, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар у Лёндане.

У цырымоніі возьмуць удзел япарх грэка-каталіцкай Япархіі Сьвятога Сямейства біскуп Глеб Ланчына і Апостальскі нунцый у Вялікай Брытаніі Антоніё Мэніні.

Архітэктар беларускай царквы ў Лёндане Рафаэль Цзыўай Со

Макет будучай царквы

Царква будуецца побач са знакамітымі беларускімі дамамі ў паўночным Лёндане: Бібліятэкай імя Францішка Скарыны і Marian House. Архітэктарам выступіў лёнданскі архітэктар і парафіянін беларускай грэка-каталіцкай царквы Рафаэль Цзыўай Со. Праект спалучае элементы сучаснай архітэктуры і традыцыйнай архітэктуруы беларускіх храмаў.

Завяршэньне будаўніцтва царквы плянуецца ўвосені гэтага году.

Беларуская грэка-каталіцкая супольнасьць існуе ў Лёндане ўжо амаль 70 гадоў. На яе чале стаялі такія асобы, як Чэслаў Сіповіч, першы пасьля касаваньня Уніі беларускі грэка-каталіцкі біскуп, і а. Аляксандар Надсан, асьветнік, навуковец, перакладчык, якога ня стала летась. Намаганьнямі беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў у Лёндане была створаная Бібліятэка імя Скарыны, найбуйнейшая на сёньняшні дзень беларуская бібліятэка за межамі Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)