У Лагойскім раёне адбыўся разліў сернай кіслаты

Сёння раніцай у Лагойскім раёне адбыўся разліў сернай кіслаты. Гэта здарылася ў выніку дарожна-транспартнай аварыі. Аўтамабіль з прычэпам ЗІЛ, які перавозіў 4,5 тоны небяспечнага рэчыва з Фаніпаля ў Віцебск, з’ехаў у кювет.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

“З-за таго, што аўтамабіль з’ехаў у кювет, адбылася ўцечка 50 літраў сернай кіслаты праз гарлавіну ёмістасці ў прычэпе. У выніку быў разліў на плошчы 3 квадратных метраў. Аўтамабіль для далейшай транспарціроўкі грузу непрыдатны. Прычынай дарожна-транспартнага здарэння стала тое, што кіроўца не справіўся з кіраваннем з-за складаных умоў надвор’я, з-за галалёду”.

Віталь Навіцкі адзначыў, што ратавальнікі, якія прыехалі на месца здарэння, ліквідавалі разліў. Паколькі плошча ўцечкі не была вялікай, то навакольнаму асяроддзю і жыццю людзей нічога не пагражае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)