Общество

Дзіяна Серадзюк, Новы час

«У лагеры няма тых, хто падтрымлівае Лукашэнку»

Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у рэдакцыю «Новага Часу» патэлефанаваў мужчына. Ён распавёў, што адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба-3», і што ў іх жыццё, у тым ліку палітычнае, віруе не менш, чым тут, на волі. За што суразмоўца рэгулярна трапляе ў ШІЗА.

Ілюстрацыйнае фота

Шмат мужчына (яго імя і прозвішча я не называю ў мэтах бяспекі) гаварыць не мог і пакінуў кантакты свайго сябра. Той параіў напісаць зняволенаму ліст, каб даведацца пра сітуацыю з першых вуснаў.

Я так і зрабіла, даслаўшы ліст у канверце першага класа, каб можна было сачыць за адпраўленнем. Праз колькі дзён на сайце «Белпошты» я ўбачыла, што ліст у калонію дайшоў, і стала чакаць адказ.

Праходзілі тыдні, а яго ўсё не было. Аднойчы раздаўся тэлефонны званок — жанчына, якая прадставілася Наталляй, паведаміла, што яе муж і сын сядзяць разам з чалавекам, якому я напісала ліст.

Ён змог перадаць, што атрымаў маё пасланне, але ад яго карэспандэнцыю не выпускаюць. Таксама суразмоўца сказала, што ўсіх траіх — яе мужа, сына і майго адрасата — зноў кінулі ў ШІЗА, на той момант яны знаходзіліся там ужо два тыдні, і ім працягнулі ўтрыманне яшчэ на 10 сутак.

Вязні на знак пратэсту абвясцілі галадоўку. Наталля звярталася і ў Дэпартамент выканання пакаранняў, і ў Генпракуратуру, але ёй прыходзілі адпіскі, што ўсё ў рамках заканадаўства.

«Сын перад тым, як іх змясцілі ў ШІЗА, пазваніў і паведаміў, што да іх перадузятае стаўленне, яны атрымліваюць пагрозы, ім ставяць у віну адмову ад працы. Хаця яны працуюць, але зарплату ім, канечне, не плацяць. Я бачыла іх разлік — летась там, напэўна, рубель быў. Сын сказаў: «Чаму мы павінны працаваць бясплатна?». Відаць, яны непажаданыя тым, што не маўчаць», — распавяла Наталля.

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)