Общество
Анастасія Зелянкова

У Курапатах запаляць свечкі

У Курапатах пройдзе акцыя па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. 30 студзеня а 15-й гадзіне ва ўрочышчы, дзе ў 30-я гады было расстраляны дзесяткі тысяч чалавек, запаляць памінальныя свечкі.

Гэткім чынам грамадскі аргкамітэт у справе ўвекавечання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій падтрымаў прапанову расійскіх праваабаронцаў праводзіць штомесяц памінанне бязвінна загінулых людзей.

— Да нас звярнуліся прадстаўнікі міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага таварыства “Мемарыял” з Сыктыўкара, — расказаoў “Салідранасці” сустаршыня аргкамітэта, гісторык Ігар Кузняцоў. — Расійскія калегі выступілі з ініцыятывай правесці шырокую акцыю “Памятай 37 год” і штомесяц ладзіць памінанне ахвяраў сталінізму ў месцах іх масавых расстрэлаў. Мы падтрымалі гэтую ініцыятыву.

Па словах Ігара Кузняцова, яшчэ з пачатку лістапада аргкамітэт распачаў перапіску з дзяржаўнымі органамі з прапановай абвясціць 2007 год годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у сувязі з 70-годдзем массавых расстрэлаў, а 29 кастрычніка — дзень, калі была расстарляна большая частка беларускай інтэлігенцыі — рэспубліканскім днём памяці.

— Мы звярталіся летаральна ва ўсе дзяржаўныя ўстановы: Адміністрацыю прэзідэнта, Савет Міністраў, КДБ… — без адказу, — распавядае Ігар Кузняцоў. — Адзіны ліст прыйшоў з Палаты прадстаўнікоў, дзе паведамлялася, што дадзенае пытанне знаходзіцца не ў іх кампетэнцыі. У пачатку студзеня такое ж пасланне мы накіравалі на імя прэзідэнта. Пакуль цішыня.

Нягледзячы на ігнараванне гэтага пытання з боку ўлад, праваабаронцы тым не менш не збіраюцца адмаўляцца ад сваёй ідэі ладзіць штомесячныя акцыі.

— Будзем думаць, што для таго, каб наведаць могілкі, нам не патрэбна санкцыя? — адзначае Ігар Кузняцоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)