Общество
Анастасія Зелянкова

“У кожным сваім лісце ён малюе птушку ў палёце...”

У Канадзе на 83-м гаду жыцця памёр знакаміты беларускі пісьменнік Кастусь Акула. “Салідарнасць” прапануе вашай увазе артыкул пра яго, надрукаваны ў нашым выданні два гады таму.

У лонданскім раёне Фінчлі і зараз захаваўся паб “The Тorrington”, дзе бармэны старэйшага веку, калі вы іх папросіце, прыпомняць колькі дзесяткаў беларускіх слоў, а крыху напружыўшыся, узгадаюць і песню “Ад панядзелка да панядзелка...”. Сваёй беларускай “адукацыяй” яны абавязаны нашаму суайчынніку. Пісьменнік Кастусь Акула (Аляксандр Качан) не аднойчы бавіў час за столікамі гэтага англійскага паба, седзячы там са сваімі сябрамі-аднадумцамі.

Акулу, напэўна, памятаюць і кіраўнікі савецкай дэлегацыі, якія напрыканцы 1960-х суправаджалі на гастролях у Канадзе ансамбль песні і танца Савецкай арміі. Тады, падчас цырымоніі адкрыцця, на сцэну выйшаў невядомы ім чалавек і ветліва звярнуўся да прысутных артыстаў: “Мы приветствуем вас на гостеприимной и свободной канадской земле! И мы ненавидим антинародный московский режим точно так же, как и вы его ненавидите!”

Не ўпусціў пісьменнік магчымасці “адзначыцца” і на сусветнай выставе “ЭКСПО-67”, якая праходзіла ў Манрэалі. У дзень Савецкага Саюза, калі тысячы людзей сачылі за тым, як першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР Палянскі рабіў агляд ганаровай варты, над натоўпам раптам пранёсся гучны покліч: “Freedom for Belarus! Няхай жыве незалежная Беларусь!” і ўгору паляцелі сотні брашураў.

Замежныя СМІ тут жа паведамілі пра гэты інцыдэнт. Так шмат хто ў свеце даведаўся пра “антынацыянальную палітыку маскоўскага кіраўніцтва”, пра якую гаварылася ў працытаванай СМІ брашуры.

Такі перфоманс каштаваў Кастусю Акулу пяць гадзін манрэальскай вязніцы і 25 долараў штрафу за “парушэнне грамадскага парадку”. Але хіба гэта цана за тое, каб чарговы раз прадэманстраваць сваю нянавісць да ўсяго савецкага і нагадаць усяму свету пра родную Беларусь?

— Такі вось ён чалавек — Кастусь Акула, — кажа ягоны маладзейшы сябра гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў. — У час ягонага першага прыезду на радзіму на пачатку 1990-х гадоў мы былі з ім ужо завочна знаёмыя — ліставаліся. І вось, седзячы ў мяне дома, Акула раптам сказаў: “Валодзя, душа мая прагне ў Полацак, куды я не даехаў 50 гадоў таму”. Было неверагодна цікава назіраць, як Акула наноў адкрываў для сябе Беларусь, у расстанні з якой знаходзіўся паўстагоддзя. Я памятаю, як ён выпытваў у дыспетчаркі на аўтастанцыі ў Плешчаніцах, дзе можна выпіць кавы, а тая нават не разумела, што такое “кава”. Памятаю, як былі ўражаныя лепельскія бабулі, у якіх ён спрабаваў за даляры купіць яблыкі. А яны не разумелі, што дзесяць даляраў за дзве антонаўкі — гэта цэлы капітал. Яблыкі Кастусь усё ж купіў — адна бабулька з прадпрымальніцкай жылкай адважылася-такі прадаць іх за гэты “зелянец”.

Увогуле, трапіць у Полацк Акула марыў, яшчэ калі быў навучэнцам Віленскай беларускай гімназіі ў часы другой сусветнай вайны. Але немцы ссадзілі яго з сябрамі з цягніка. Так ён і не даехаў тады да горада сваёй мары, затое хутка трапіў на некалькі месяцаў у фашысцкі канцлагер.

Уладзімір Арлоў расказвае, як падчас іх візіту ў Полацк Кастусь Акула наведваў Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву. На яе рэстаўрацыю ён пакінуў вельмі шчодрае ахвяраванне. Праўда, вельмі быў здзіўлены, што тамтэйшыя манашкі нават няздатныя звязаць хоць колькі слоў падзякі на роднай мове.

Жаданне трапіць у Полацк было невыпадковым. Акула заўсёды імкнуўся ў гістарычныя мясціны — Мір, Нясвіж, Наваградак... Увогуле, гісторыя ў яго жыцці і творчасці адыгрывае выключную ролю: гэта выдатна адчуваецца і ў яго трылогіі “Гараватка”, і ў раманах “Змагарныя дарогі” і “За волю!”.

Аднак штурмаваць літаратурны Алімп Акула пачаў як паэт. Можна толькі ўявіць сабе, з якім хваляваннем чакаў 17-гадовы юнак з’яўлення ў газеце сваіх першых вершаў. І амаль адразу... расчараванне. Пільны цэнзар — ці то нямецкі, ці то літоўскі — выкінуў з яго верша “Прыві-таньне Вільні” ўсю першую страфу. Так у газеце “Беларускі голас”, якую рэдагаваў Францішак Аляхновіч, з нечай “ласкі” верш выйшаў ужо без “крамолы”:

Прывітаньне табе, Вільня!

Слаўны горад Крывічоў, —

Места памятак магільных

Нашых прадзедаў, дзядоў.

Вершы Акула пісаў і пазней. Асабліва атрымліваліся ў яго пародыі на рыфма-плёцтва савецкіх “песьняроў”, што складалі здравіцы “партыі роднай”.

І ўсё ж Кастусь Акула — найперш празаік. Пачаў жа ён, як гэта бывае нячаста, адразу з рамана.

Першы яго твор “Змагарныя дарогі” на радзіме выйшаў толькі праз 32 гады, аднак адразу трапіў у спіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ ст. і быў уганараваны прэміяй імя Францішка Багушэвіча, якая прысуджаецца ПЭН-цэнтрам аўтарам твораў, што спрыяюць аб’ектыўнаму бачанню гісторыі, вяртанню беларусам гістарычнай памяці.

Сваю беларускасць Кастусь абараняў усюды, дзе толькі даводзілася быць. У Йоркшыры, у Англіі, Акула абуджаў нацыянальную свядомасць у Юрыя Радзівіла, з якім вучыўся ў танкавай школе. Так, дзякуючы гістарычным экскурсам свайго прыяцеля малады князь даведаўся, адкуль ягоныя карані і чыя кроў цячэ ў яго жылах.

Трапіўшы ў Канаду, Акула першым чынам узброіўся тэлефонным даведнікам, з якога адшукваў прозвішчы, хоць нечым падобныя на беларускія. У выніку ў Таронта з’явілася Згуртаванне беларусаў Канады, якое фактычна заснавалі 14 чалавек. Першым старшынёй яго стаў Кастусь Акула.

— Ён рэзкі і прамы чалавек, — кажа грамадскі дзеяч Валянціна Трыгубовіч. — Ён ніколі не выбірае дыпламатычных словаў. Можа лёгка патэлефанаваць табе сярод ночы і, не зважаючы на тое, што знаходзіцца на другім баку акіяна, больш за гадзіну абурацца якой-небудзь перадачай, дзе абразілі Беларусь.

Уладзімір Арлоў, напэўна, той, каму больш за ўсіх шчасціць на начныя размовы з Кастусём Акулам.

— Я ніколі не адчуваў аніякага раздражнення ці зласлівасці з гэтай нагоды, — распавядае пісьменнік. — Гэта проста яшчэ адзін штрых да творчага партрэта Акулы. Ён сапраўды такі захоплены чалавек. Напрыклад, ён можа ўбачыць паспяховы выступ нашых спартоўцаў дзе-небудзь на першынстве свету ці Алімпійскіх гульнях і тут жа патэлефанаваць. Памятаеце, як выйгралі ў шведаў у хакей? Гэта ж такі прарыў быў! Тады ж у Швецыі даведаліся, што ёсць такая краіна — Беларусь. Мне здаецца, што той бел-чырвона-белы сцяг, які лунае над спартыўнымі трыбунамі і так палохае кіраўнікоў беларускіх дэлегацый у Канадзе, таксама часта належыць Кастусю Акулу.

Так, ён і ў свае восемдзесят застаецца актыўным заўзятарам. Увогуле, усім, чым ён займаецца, ён захоплены па-сапраўднаму. Як, напрыклад, тымі ж птушкамі.

— Акула называе сябе птушатнікам, так бы мовіць непрафесійным арнітолагам. — дадае Уладзімір Арлоў. — Трэба было бачыць, як ён — сталы чалавек — ледзь не бег за сарокай! Там, у Таронта, яны не вядуцца. Таму кожная ўбачаная падчас прыезду ў Беларусь сарока ўспрымалася Кастусём як нейкая экзотыка. Як, дарэчы, і ўсё наша жыццё. Я памятаю, ідзем мы па Траецкім прадмесці, вырашылі зайсці папалуднаваць ці выпіць кавы. Кіруемся ў адну кавярню — там шыльда: “Обед с 15 до 16”. Мы да другой — там таксама “обед”. Для мяне, як і для ўсіх тутэйшых беларусаў, гэта на пачатку 1990-х здавалася звычайным. А для яго тое было проста дзікунствам: “Як? Ды яны ж працуюць, каб у гэты час абедалі мы!”

Дарэчы, Акула добра гатуе і сам. Асабліва гэта тычыцца беларускіх страў. Пісьменніца Вольга Іпатава расказвае, як аднойчы, падчас яе прыезду ў Канаду, а шостай гадзіне раніцы ў яе пачуўся тэлефонны званок.

— Я тут з дзвюх гадзін дранікі гатую, — пазнала яна на другім канцы сувязі Акулавы голас. — Такія смачныя атрымаліся. Прыходзь пакаштаваць.

— Што, а шостай раніцы? — ледзь паспела ўцяміць, што ад яе хочуць, пісьменніца.

— Ну хоць а дзевятай прыходзь. Можа, яшчэ не астынуць, — уздыхнуў Акула — трэба аддаць яму належнае: ён і так доўга чакаў перш чым патэлефанаваць.

За сваё доўгае жыццё пісьменнік аб’ездзіў ледзь не ўвесь свет — ад Італіі да Ямайкі. А вось на радзіме яму давялося пабываць пасля эміграцыі толькі двойчы.

— Ён і цяпер неаднаразова выказваў імкненне прыехаць у Беларусь, — кажа Уладзімір Арлоў. — Чалавек, які так любіць гэтую зямлю, павінен мець права пахадзіць па ёй зноў. Я не бачыўся з Акулам 10 гадоў. У кожным сваім лісце (на жаль, усе яны прыходзяць да мяне ва ўскрытых і неахайна за-клееных зноў канвертах з надпісам “Атрымана на пошце ў пашкоджаным стане”) ён у канцы малюе птушку ў палёце. Упэўнены: чалавек, які малюе птушак, абавязкова павінен яшчэ прыляцець на Бацькаўшчыну…

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)