У кожнага сваё кіно
Іх зорны час настаў. Уся суровая праўда пра здымачныя працэсы на беларускіх прасторах – ад герояў масоўкі, без якіх не можа абысціся ніводзін расійскі блакбастар. Гутарым з культавымі беларускімі акторамі масавых сцэн. Табе толькі здаецца, што ты іх ніколі не бачыў.
– Цікава пабыць у ролі іншага чалавека, няхай і звычайнага мінака. Да таго ж, за гэта плацяць грошы. Ёсць і магчымасць росту – некаторыя з маіх сяброў зрабіліся брыгадзірамі па масоўцы, хтосьці працягвае здымацца, але ўжо ў эпізодах, атрымлівае невялічкія ролі.
Я трапіў у кіно выпадкова: пасля вучэльні працаваў на будоўлі разам з сябрам, які пабачыў у газеце запрашэнне на кастынг. Так мы апынуліся на «Беларусьфільме». Першымі стужкамі, у якіх я зняўся, былі «Стылягі», «Рыарыта» і «Чаклун і Румба». Было шмат уражанняў, знаёмстваў, дый грошай удалося зарабіць крыху.
У «Стылягах», напрыклад, апранаў ваенную форму ў эпізодзе вяртання бацькі Мэлса (Сяргея Гармаша) з фронту. Мы былі салдатамі, якія ехалі разам з ім у цягніку. Таксама здымаўся ў моманце, дзе герой Гармаша ідзе на працу на завод, а за ім – рабочыя, чалавек 300 масоўкі. Гэта дзесьці за «Поющими фонтанами» ў Менску здымалі.
Потым уладкаваўся рабочым на «Беларусьфільм», на выходных здымаўся ў масоўцы, кіно зацягнула. Быў час, калі сябры крыўдавалі, што немагчыма са мной пабачыцца, дзяўчына не разумела. Колькі разоў спрабаваў наогул сысці з кінаіндустрыі, аднак кіно – гэта сям’я. Прыходзіш – уваход шырокі, выходзіш – вузкі, таму я заўсёды вяртаўся. Цяпер удалося ўладкавацца асвятляльнікам на БТ. Хаджу на курсы акторскага майстэрства, рыхтуюся да паступлення ў Акадэмію мастацтваў – хачу займацца кіно сур’ёзна.
Працяг тут.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное