Скандалы

У Катыні затрымлівалі здымачную групу «Белсату»

У мэмарыяле «Катынь» пад Смаленскам расейскія паліцыянты і амапаўцы затрымалі журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Алеся Сіліча. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

— Тут вялікая колькасьць супрацоўнікаў паліцыі, аўтобусы з АМАПам, таксама пікет КПРФ з партрэтамі Сталіна, каля 30 чалавек. То бок вельмі сур’ёзна ўспрынялі мясцовыя ўлады і камуністы наш візыт. Паліцыя «далучылася» да нас яшчэ на першым пункце, у аэрапорце «Смаленск», дзе мы наведалі месца, дзе ў 2010 годзе разьбіўся самалёт з польскай урадавай дэлегацыяй. Пасьля гэтага нас фактычна суправаджаюць нарады паліцыі. І цяпер спрабуюць затрымаць супрацоўнікаў тэлеканалу «Белсат» Любоў Лунёву і апэратара Сіліча.

Да іх падышлі паліцыянты і сказалі, што неабходна праверыць дакумэнты і для далейшага разбору праехаць у гарадзкое аддзяленьне паліцыі ў Смаленск. Яны аточаныя супрацоўнікамі. Журналістаў не адпускаюць і, наколькі я разумею, чакаюць аўтамабіля, каб адвесьці іх у горад, — сказаў Юрась Губарэвіч.

Беларуская дэлегацыя з 50 чалавек у Дзень барацьбы са сталінізмам і нацызмам, які адзначаецца ў Эўропе, наведвае мэмарыял «Катынь» пад Смаленскам. Паездку арганізавалі рух «За свабоду» і рух салідарнасьці «Разам». У складзе дэлегацыі таксама ёсьць прадстаўнікі Партыі БНФ і БХД.

— Відавочна, што перад нашым прыездам ішло нагнятаньне атмасфэры, найперш расейскімі сродкамі масавай прапаганды. Таксама мясцовыя сайты пісалі, што група нацыяналістаў спрабуе трапіць на Смаленшчыну і ўчыніць правакацыі. Гэта падагрэла сытуацыю і прыцягнула вялікую колькасьць супрацоўнікаў паліцыі. Раней падчас падобных паездак такога ажыятажу не было. Расея бачыць вакол адных толькі ворагаў, — сказаў Юрась Губарэвіч.

Напярэдадні рэгіянальны інфармацыйны сайт Смаленшчыны Readovka.ru зьмясьціў разгромны артыкул пра Паўла Севярынца. Севярынец сказаў, што не зьбіраўся наведваць Смаленск, а толькі дапамагаў калегам з распаўсюдам інфармацыі пра паездку ў Катынь, ён не арганізатар «вылазкі», як пішуць на смаленскім партале.

Як паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў, у журналістаў праверылі дакументы і адпусцілі без складання патаколаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)