У калоніях пачалі пазначаць палітвязняў колерам

Адразу некалькі сваякоў палітзняволеных паведамляюць, што на адзенне вязняў вешаюць біркі іншых, чым у астатніх асуджаных, колераў, каб і супрацоўнікі калоніі, і астатнія вязні бачылі, што перад імі «адметны» чалавек. Такім чынам раней ужо абазначалі асуджаных за распаўсюд наркотыкаў. Тады родныя звярталіся ў ААН са скаргамі на дыскрымінацыю, і адміністрацыя калоній адмовілася ад такога падыходу.

Звесткі пра абазначэнне палітвязняў прыходзяць ад сваякоў, чые родныя знаходзяцца ў зняволенні ў Магілёўскай вобласці. На бірках пазначаюць прозвішча вязня і тэрмін зняволення. У адным выпадку колер шрыфту быў іншым, у другім — бірка была чырвонага колеру (у звычайных зняволеных яна белая).

«Павесілі бірку чырвонага колеру, — кажа сваячка аднаго з асуджанага. — Гэта значыць, ён схільны да экстрэмізму. Што стала падставай, ён ні па тэлефоне, ні ў лісце сказаць не можа — такія тэмы забаронена абмяркоўваць. Але такі статус ён атрымаў амаль адразу, як апынуўся ў лагеры. Як нам патлумачылі, гэта можа паўплываць на скарачэнне перадач і спатканняў з роднымі».

У праваабарончым цэнтры «Вясна» звяртаюць увагу, што ў 2016 годзе з такой самай праблемай сутыкнуўся тагачасны палітвязень Міхаіл Жамчужны, яму таксама павесілі бірку чырвонага колеру як «схільнага да экстрэмізму», ён быў абавязаны дадаткова двойчы на дзень праходзіць праверкі.

А ў перыяд актыўнай барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў на асуджаных па такіх артыкулах вешалі біркі зялёнага колеру і змяшчалі іх у асобныя атрады.

Сваякі падалі скаргу ў ААН. Арганізацыя прызнала, што гэта дыскрымінацыя. Тады адміністрацыя калоній адмовілася ад такога падыходу, і вязням выдалі такія самыя біркі, як і ва ўсіх астатніх, — белага колеру.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.7 (оценок:19)