«У ІЧУ трапляліся дзяжурныя па паверсе, якія казалі: «Трымайцеся, хлопцы, я за Бабарыку»

Дыджэя, сузаснавальніка Radio Plato, экс-рэдактара 34mag Аляксандра Карнейчука затрымалі 14 ліпеня падчас акцый пратэсту ў Менску. Блізкія змаглі абняць яго толькі 29 ліпеня.

Гэта былі першыя «суткі» ў 32-гадовай Сашавай біяграфіі, і нам падалося важным і патрэбным дэталёва пагутарыць з ім пра гэты цяжкі досвед. Бо любая з'ява рэальнасці здаецца тым страшней, чым менш ты пра яе ведаеш. Таму лепш ведай.

Фота flejtmotiv

Пра затрыманне і суд

– Раскажы, як ты апынуўся ў аўтазаку.

– 14 ліпеня я выйшаў на вуліцу з амбівалентным жаданнем: з аднаго боку, мяне пакрыўдзіла тое, што ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты не зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу; з другога – я пайшоў на вуліцу, проста каб паглядзець на людзей, якія, я ведаў, збіраюцца. У мяне не было жадання неяк «удзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», як тое потым запісалі ў пратаколе.

Я выйшаў з дома і пайшоў па праспекце. На скрыжаванні ля цырка ўбачыў бусік і тыповых людзей у кепачках. У мяне быў выбар – збочыць, і тады нічога б не было. Але я падумаў: чаго я буду ад іх бегаць? Гэта мая краіна, я не раблю нічога незаконнага, я проста іду наперад. Наперадзе мне сказалі: «Пройдёмте».

– Як абыходзіліся з табой у аўтобусе?

– Я сеў на сядзенне, а вось хлопца з бел-чырвона-белым сцягам, якога затрымалі пасля мяне, кінулі на падлогу і прыціснулі, дакладна як таго цемнаскурага хлопца ў Штатах. Я даслаў жонцы і знаёмай журналістцы аўдыяпаведамленне пра затрыманне, а супрацоўнікі падумалі, што я здымаю, і запатрабавалі тэлефон. На маю просьбу прадставіцца адказалі кулаком на шчацэ і загадам сесці, апусціўшы галаву. Разблакаваць тэлефон я адмовіўся, яны пагражалі, быццам яго выкінуць, але гэта была толькі пагроза.

– Што было далей?

– Нас перасадзілі ў аўтазак. Прывезлі ў РУУС Першамайскі, правялі ў спартовую залу. Спачатку на мяне складалі пратакол па арт. 23.34, але дзесьці за поўнач прыйшла, відаць, разнарадка, што трэба скласці яшчэ адзін пратакол. Міліцыянтам прынеслі ксеракопіі, і яны па шаблоне напісалі, што «рабілі» затрыманыя. Напісалі, быццам я сядаў на зямлю, крычаў «Ганьба!», апладаваў, хапаўся за абмундзіраванне (хаця мяне затрымлівалі людзі ў штацкім). Мяне адфоткалі ў трох ракурсах і знялі на відэа. Толькі пазней я даведаўся, што мог ад гэтага адмовіцца.

– Як прайшоў суд?

– Ён адбыўся толькі на паслязаўтра пасля майго затрымання. Выглядала гэта так: ты заходзіш у пакой, насупраць цябе адкрываюць ноўтбук, які накіраваны на сакратара. Сведкі-амапаўцы таксама падключаліся па скайпе. Выглядала, быццам яны сядзяць на нейкай кухні, але чамусьці ў масках. Сказалі, што менавіта яны мяне затрымлівалі (удваіх яны быццам затрымалі ўсіх, хто трапіў у Першамайскі РУУС). Я звярнуў увагу суддзі на недакладнасці ў іх сведчаннях, але гэта ніяк не адлюстравалася ў пастанове. Мне прысудзілі 15 сутак арышту.

Увогуле логікі ў прысудах не назіралася. Камусьці давалі штрафы 40–60 базавых. Былі людзі, якія не падпісвалі пратакол, і ім давалі 11 сутак. Былі людзі з прывадамі па адміністратыўцы, і ім давалі 12.

Пра ўмовы ўтрымання

– Як цябе прымалі на Акрэсціна?

– Па святле мяне разам з іншымі хлопцамі адвезлі з РУУС у ІЧУ [Ізалятар часовага ўтрымання. – заўв. 34]. Там апісалі нашы рэчы, дасталі шнуркі, прымусілі распрануцца дагала і прысесці без майтак два разы. Я так разумею, гэта класічны дагляд.

– Апішы камеру.

– У ІЧУ былі драўляныя ложкі двухпавярховыя («шконкі»). Ні матрацаў, ні прасцін. У ЦІП [Цэнтр ізаляцыі правапарушальнкаў, знаходзіцца там жа, на 1-м зав. Акрэсціна, 36. – заўв. 34], куды мяне перавялі на апошнія пяць дзён, ложкі былі жалезныя. Там на ноч выдавалі матрацы, зранку забіралі. У камеры ёсць рукамыйнік, ёсць туалет – дзірка («ачко»), ён агароджаны жалеззем. Ёсць сталы, падобныя да партаў ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Ёсць палічка на кожнага чалавека. Ёсць маленькае акно.

– Што па чысціні?

– Прыбірацца ў камеры патрэбна самім: даюць венік, швабру, анучу. Мыцца не водзяць, напаўняеш бутэльку вадой, ідзеш на «ачко» і мыешся. Арыштаваным выдаюць гаспадарчае мыла і самую танную туалетную паперу.

– Што ты паклаў бы ў заплечнік, калі б ведаў, што сышоў з дому на 15 дзён?

– Паклаў бы цёплыя рэчы, ручнік, душ-гель, вільготныя сурвэткі, зубную пасту, шчотку, прасціну. Абраў бы абутак без шнуркоў і стары тэлефон, бо мой нейкім чынам апынуўся ў следчым камітэце, дзе займаюцца справай па збіцці амапаўцаў на акцыі, да якога я дачынення не маю.

Усё неабходнае прыйшло з перадачамі. Кожны дзень камусьці прыходзіла перадача, і ўсе яе раскідвалі на ўсіх – акрамя, зразумела, асабістых рэчаў. Крута, калі перадавалі арэхі і сухафрукты, бо здаровая ежа вельмі выдатна заходзіла. Таксама кілбасы з’еў, бадай, норму за цэлы год.

– Чым карміла сама ўстанова?

– Сняданак – гэта каша плюс гарбата, абед – суп (з капусты, боршч ці юшка) плюс катлета (мясная ці рыбная) плюс кісель ці кампот, вячэра – каша з катлетай без напояў. То-бок фармат адзін, толькі мяняецца суп ды каша з аўсянкі на грэчку ці пярлоўку.

– У перадачках усё даходзіла?

– Тут залежала ад змен. На некаторых кнігі перадавалі, на іншых затрымлівалі ў ячэйцы (у ЦІП усе кнігі забралі). Цыгарэты «палітычным» не перадавалі. У хлопцаў сабралася шмат пачак, з якіх, дарэчы, частка некуды знікла.

– А пошта?

– Мне не прыйшло ніводнага ліста, і нават потым мне іх не аддалі.

– Хто з табой сядзеў?

– Два бізнэсмэны, топ-менеджар, айцішнік і працоўны з «Атланта» з шэрагам крымінальных прысудаў. Калі я трапіў у камеру, нас было шасцёра на пяць ложкаў. Потым нас пачалі «кілішаваць» – перакідваць да іншых людзей.

У апошні дзень мы з хлопцамі апынуліся ў камеры з шасцю-сямю крымінальнікамі. Відаць, нас спадзяваліся імі запрэсаваць, але мы добра пасябравалі. Мы прынеслі ім шмат прысмакаў, паперы, я падараваў шкарпэткі, з сабой у нас былі гульні. У крымінальнікаў былі вельмі цікавыя размовы на «фені». Яны ўсё згадвалі, дзе хто сядзеў, ці не скапыўіцся той, а што там у таго. Ніхто з іх не быў лаяльны да ўлады. Аднак гею ці чалавеку адметнай нацыянальнасці з імі было б цяжка – шмат жартаў і рыторыкі будуецца вакол уразлівых груп.

– Калі ты змог выйсці на сувязь?

– Толькі калі выйшаў на волю. Усе знаходзіліся ў інфармацыйным вакууме. Нашы зносіны з навакольным светам абмяжоўваліся форткай. Акно глядзела на ўваход у ІЧУ, і аднаму з хлопцаў пашанцавала зазірнуць туды ў той момант, калі побач праходзілі яго блізкія. Яны паразмаўлялі. Але ўвогуле сувязі з навакольным светам не было. Да таго ж з пятнаццаці сутак трынаццаць я ўвогуле не быў на адкрытым паветры. І, калі мяне пераводзілі ў ЦІП, на мяне моцна наваліла ад таго, што можна ўперыць позірк далей, чым сцяна, ды яшчэ зялёнае ўсё такое. Было прыемна.

– Супрацоўнікі паводзілі сябе зняважліва?

– Ужо калі я трапіў у РУУС, стаўленне да мяне змянілася: быццам я не чалавек, а нейкі вялікі злачынца. З назіральнікамі камунікацыя была заўсёды зняважлівая, але ў ІЧУ крыху лайтовей, чым у ЦІП: трапляліся і такія дзяжурныя па паверсе, якія казалі: «Трымайцеся, хлопцы, я за Бабарыку». Адзін прыносіў «пэпсі» пачаставацца, даваў хлопцам папаліць цыгарэт. Былі, канешне, і дурныя, але на ЦІП адносіліся шмат паскудней. Мне казалі: «Если не будешь говорить по-русски, мы на это не будем даже реагировать».

– Ты перайшоў на беларускую ў няволі. Чаму?

– У камеры сядзеў хлопец, які казаў па-беларуску. Я даўно хацеў перайсці на беларускую, а тут умовы спрыялі. Потым я зразумеў, што, калі ты кажаш па-беларуску, гэта становіцца тваёй зброяй супраць сістэмы. Супрацоўнікі мусяць перакладаць твае паказанні, і ў іх ламаецца мозг.

– Але, пэўна, гэта іх яшчэ больш злуе.

– Мне пофіг.

Пра рэфлексію і рэакцыю

– Як забіваў час?

– Мне было цікава размаўляць з хлопцамі. Да таго ж у нас склаўся нейкі распарадак. Спачатку ты снедаеш. Пасля пачынае дзейнічаць «кашаін» [«перадача з прадуктамі», жаргон. – заўв. 34], і ты дрэмлеш гадзінку-дзве, потым чытаеш, гуляеш у сацыяльныя гульні, удзельнічаеш у калектыўных медытацыях. Таксама ў нас былі нарды з хлеба і шахматы з паперы, я добра ў іх прапампаваўся.

– Ці даведаўся ты нешта новае пра сябе?

– Калі раней я разумеў, што такое «трымацца праўды» толькі на інтэлектуальным узроўні, то цяпер дайшоў на жыццёвым. Не ведаеш, як нешта зрабіць? Не бойся, рабі і кажы так, як яно было на самой справе.

– Новыя праекты ў галаву ішлі?

– Не скажу, што лезла шмат думак. Там ты заўсёды ў соцыуме. Да таго ж няма імпэту нешта прыдумляць. Дзесьці на сёмых сутках я зразумеў, наколькі ўсё гэта бессэнсоўна, прычым як для мяне, так і для сістэмы, бо сістэма не атрымлівае таго, што хацела: з прысудам я не згаджаюся ды ўвогуле не панікаю. І я не бачыў ніводнага чалавека, на якога б падзейнічаў арышт. Хутчэй там выкрышталізоўваецца разуменне таго, што ёсць сістэма.

– Што найперш зрабіў на волі?

– Мяне сустрэла вельмі шмат людзей. Я здзівіўся, нават слязу пусціў. Запрасіў усіх да сябе, патусілі да ночы. Ужо дома даведаўся, якая моцная была падтрымка. Сябры сабралі 4000 BYN. Частка грошай пойдзе на выдаткі адвакату, астатнія – у фонды, якія займаюцца «палітычнымі» пацярпелымі.

– Што далей?

– Цяпер я абскарджваю пастанову суда. Цікава, што, калі ты падаў абскарджанне прысуду, цябе не маюць права затрымліваць на суткі – толькі пасля таго, як у абскарджанні будзе адмоўлена. То-бок мяне не павінны былі адразу закрываць на суткі. Чакаю паўторнага слухання.

Урэшце бюракратыя – добры інструмент, бо калі ў пракуратуру ляцяць скаргі, то начальнікі ІЧУ атрымліваюць п**ды. Праўда, потым яны яшчэ злейшыя. Але гэта дзейнічае, гэта можна рабіць і гэта трэба рабіць.

– Калі зараз будзе выбар, збочыць ці не, збочыш?

– Зараз так. Хочацца пабыць з сям’ёй. Ды і лепей я тут штось зраблю. Аднак вопыт мае сэнс, хоць ён і непрыемны. Спачатку я не хацеў неяк убудоўваць яго ў свой светапогляд, але ў выніку ён спрацаваў канструктыўна. Да таго ж я думаў, што гэта таксама форма салідарнасці: ты ахвяруеш часам, каб падтрымаць палітвязняў.

– Аб чымсьці шкадуеш?

– Не, не шкадую.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)