Скандалы
Міхал Карневіч, Радыё Свабода

У Горадні затрымалі трох актывістаў, якія пікетавалі з партрэтамі зьніклых палітыкаў

Актывіст БХД Сяргей Верамеенка, сябра БСДП(Г) Анатоль Мышкевіч і невядомы журналістам малады чалавек выйшлі на пікет у цэнтры Горадні, трымаючы ў руках здымкі зьніклых палітыкаў.

Яны прастаялі ўсяго некалькі хвілін, пасьля чаго іх забралі міліцыянты ў цывільным.

Плякат са здымкамі зьніклых палітыкаў трымаюць Сяргей Верамеенка і Анатоль Мышкевіч

Акцыя пачалася а 18:00. На пешаходнай вуліцы Савецкай у гэты час даволі людна. Многія пачалі спыняцца і распытваць у хлопцаў, зь якой нагоды пікет. Сяргей Верамеенка пачаў распавядаць пра зьніклых палітыкаў. Адразу некалькі чалавек у цывільным прапанавалі актывістам прайсьці ў машыну і праехаць у пастарунак.

Ніхто з актывістаў не працівіўся, селі ў машыну і паехалі. Жанчына, якая побач гандлюе сувэнірамі, зьвярнула ўвагу, што яшчэ некалькі дзён таму на гэтым самым месцы адбываліся пікеты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, ніхто нікому нічога не забараняў, гаварылі што хацелі, крытыкуючы ўладу і асабіста Лукашэнку:

«Ну што, скончылася дэмакратыя на Савецкай?» — усьміхаючыся людзям, якія хуценька стараліся разысьціся зь месца пікету, падсумавала сталая жанчына.

Ёй ніхто нічога не адказваў.

Заўтра ў Горадні сьвята — адзначаюць 888-годзе гораду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)