Общество

У Гомелі пачынаецца першы ў Беларусі суд супраць падатку на «дармаедзтва»

Беспрацоўны Аляксандар Сямёнаў патлумачыў Свабодзе, чаму ён патрабуе прызнаць неправамерным патрабаваньне да яго з боку ўладаў аб сплаце так званага падатку на «дармаедзтва».

Аляксандар Сямёнаў

Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомелю распачащся разгляд першай у гісторыі Беларусі грамадзянскай справы, калі беспрацоўны гамяльчук Аляксандар Сямёнаў патрабуе прызнаць неправамерным патрабаваньне дзяржавы на выплату так званага падатку на «дармаедзтва».

Адначасова Сямёнаў просіць суд паставіць пытаньне наконт прызнаньня дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» неканстытуцыйным, які супярэчыць артыкулам 41, 56 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкулу 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулу 2 Канвэнцыі МАП № 29 аб прымусовай працы. Пазоўнік пагадзіўся адказаць на пытаньні Свабоды.

«Ніхто не сядзіць у чаканьні дармавых падачак»

— Аляксандр Сьцяпанавіч, якія пачуцьці ахапілі вас, калі атрымалі «ліст шчасьця» з падатковай інспэкцыі пра абавязак сплаціць 360 рублёў на фінансаваньне дзяржаўных расходаў?

— Скажу шчыра: адчуваньне такое, нібыта я алькаголік і дармаед Федзя зь вядомай савецкай камэдыі «Апэрацыя «Ы» і студэнт Шурык зьбіраецца сячы мяне розгамі. А мне ўлетку споўніцца 53 гады, у мяне дзьве вышэйшыя адукацыі, служба ў войску і амаль трыццаць гадоў працоўнага стажу. Вось такі я «дармаед».

— Як так сталася, што ў 2015 годзе вы не працавалі?

— Сказаць, што я не працаваў, будзе няправільна. У маёй сям’і лецішча ды яшчэ ў цешчы — трыццаць сотак зямлі. З раньняй вясны да позьняй восені кручуся там. Зяленіва рознае, агуркі, памідоры вырошчваю. Праз рынак збываем лішнюю гародніну. Ніхто не сядзіць у чаканьні дармавых падачак. Бацькоўскую сядзібу ў Доўску даглядаем з братам — бульбу садзім.

Так, праўда, было не заўсёды. Адразу пасьля інстытуту працаваў інжынэрам-электрыкам на заводзе, потым у «Гомельхлебпраме», у «Аблгандальсаюзе», бо другая спэцыяльнасьць у мяне — маркетынг і мэнэджмэнт на рынку тавараў і паслуг. Апошнія гады працаваў у Расеі, пакуль «расейскія браты» не абдурылі нас з братам на буйную суму.

І ўжо з 2013 году я афіцыйна не працую, а займаюся на лецішчы гародам.

На ўлік у цэнтры занятасьці не станавіўся, бо нічога людзкага там ня выстаіш. Гэта ў якой-небудзь Швэцыі ці Нямеччыне рэальна дапамагаюць беспрацоўнаму, а ў нас хіба што на пару булак хлеба дадуць дапамогу. Больш праезьдзіш грошай на гарадзкім транспарце, чым той дапамогі.

Калі вярнуўся з Расеі, дасылаў сваё рэзюмэ ў некалькі кампаніяў, якія адкрывалі свае прадстаўніцтвы ў рэгіёне. У прыватнасьці, у «Бабулін гладыш». Але «не зраслося». Мне ж ужо за паўсотні — маладзейшых шукаюць.

«У мяне няма лішняга рубля, каб заплаціць»

— Дык, можа, лепей было заплаціць тыя 360 рублёў, чым распачынаць судовую справу?

— Ну я ж не дармаед Фёдар! Дзяржава мяне на працу не ўладкоўвала, дапамогі на беспрацоўе не выплачвала. У мяне няма лішняга рубля, каб заплаціць. Жонка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, няпростая сытуацыя ў дачкі з падаўжэньнем кантракту. Зараблялі б яны тыя даўно абяцаныя «500 даляраў», то, можа, і гаворкі пра выплату «дармаедзкага» збору не было б. А так канцы ледзьве сточваем. Ні ўкрасьці, ні адкапаць гэтыя 360 рублёў я не магу.

— Вы зьвярталіся ў інспэкцыю падаткаў і збораў, тлумачылі сытуацыю?

— Яшчэ ў лістападзе напісаў у падатковую інспэкцыю Цэнтральнага раёну ліст, каб вызвалі ад гэтага «дармаедзкага» падатку. Адказалі: патрабаваньне носіць правамерны характар. Зьвярнуўся з абласную інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў — такі ж адказ. Знаёмаму майму, які ваяваў у Аўганістане і быў там падстрэлены, таксама прыслалі патрабаваньне, бо ў 2015 годзе ён ня змог працаваць кіроўцам. Дык што гэта такое? Хто так робіць са сваімі грамадзянамі?

Аляксандар Сямёнаў і рэгіянальны прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка

Дачуўся, што незалежны прафсаюз РЭП бясплатна кансультуе ў пытаньнях прававой абароны, паехаў на вуліцу Палескую ў грамадзка-палітычны цэнтар. Прававы інспэктар Леанід Судаленка дапамог скаргу ў суд напісаць.

Вярнуўся дадому, стаў прасіць у жонкі 23 рублі на судовую пошліну. Жонка ўсурʼёз кажа: «Магу толькі пазычыць». Дачка, тая ў сьлёзы: «Тата, ня трэба!» А я так думаю: калі я, мужчына, за свае правы не магу заступіцца, то як я буду ў такім разе абараняць правы маіх родных? Мне ж за тое, што я афіцыйна не працаваў і не заплаціў «дармаедзкі» падатак, пагражаюць адміністрацыйным штрафам альбо нават арыштам. Такім чынам дзяржава схіляе мяне да прымусовай працы — насуперак і Канстытуцыі, і міжнародным пагадненьням, якія падпісала Беларусь.

«Хопіць зьдзекавацца зь людзей, зводзіць іх да стану рабоў»

— Якія аргумэнты вы зьбіраецеся прыводзіць у судзе, патрабуючы прыпыненьня спагнаньня падатку на «дармаедзтва» да тае пары, пакуль Канстытуцыйны суд ня вынесе свайго вэрдыкту наконт дэкрэту № 3?

— Нельга мяне і такіх, як я, залічваць да «дармаедаў» з шмат якіх прычынаў. Я ўжо сказаў, што прымусовая праца ў нас забараняецца беларускай Канстытуцыяй. Апрача таго, у 2015 годзе я заплаціў зямельны падатак, дзяржпошліну амаль паўтара мільёны рублёў за допуск аўтамашыны да ўдзелу ў дарожным руху. Як карыстальнік сотавых тэлефонаў мабільных апэратараў Velсom і МТС аплочваў іх паслугі, у якія ўключаны й падатак на дабаўленую вартасьць. Ужо не кажу аб прадуктах і спажывецкіх таварах, у тым ліку падакцызных — і тут мяне трэба прызнаваць платнікам ускосных падаткаў і пошлін.

Дэкрэт № 3 ды іншае падатковае заканадаўства не вызначаюць у падатку на «дармаедзтва» аб’ект падаткаабкладаньня. Мне незразумела, зь якіх сродкаў чалавек, які часова не працуе, зможа заплаціць уведзены збор?

Гэта ж толькі ў казках бывае Поле цудаў у адной дзіўнай краіне, нават не хочацца вымаўляць назву: у месячную ноч выкапаеш ямку, пакладзеш туды залатнік, засыплеш зямлёю, пасоліш, пальеш вадою з лужыны — і на раніцу ўжо вырасьце грашовае дрэва, зьверху да нізу пакрытае залатымі манэтамі. Толькі не забыцца тры чароўныя словы сказаць: крэкс, фэкс, пэкс! Тры — акурат па нумары дэкрэту.

А калі сур’ёзна, то хопіць ужо зьдзекавацца зь людзей, ікнуцца зводзіць іх да стану рабоў. Застаецца толькі ўвесьці падатак на паветра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)