У Гомелі «маўклівыя» акцыі па серадах не спыняюцца

Сорак пяць хвілінаў доўжылася ў сераду ў Гомелі «маўклівая» акцыя пратэсту. Крыху больш за дзясятак маладых людзей сабраліся ля фантану, што побач з цыркам, каб абмяняцца апошнімі навінамі.

— Гэтым разам мы не стаялі, а сядзелі на лаўках. Побач стаялі спэцназаўцы, ажыўлена размаўлялі й часта сьмяяліся. Апэратар у атачэньні сілавікоў у цывільным здымаў нас на відэа, — паведаміў адзін з удзельнікаў акцыі.

Прыкладна праз сорак пяць хвілінаў удзельнікі «маўклівай» акцыі падняліся й рушылі да прыпынку «Фабрыка 8 Сакавіка». Іх суправаджалі два спэцназаўцы. На прыпынку ўдзельнікі купкамі разышліся ў розныя бакі. Інфармацыі пра затрыманьні не паступала.

Гомель, бадай, застаўся адзіным горадам у краіне, дзе працягваюцца «маўклівыя» акцыі. Яны нешматлікія, але на іх рэагуюць міліцыя й спэцслужбы.

Напярэдадні акцыі чацьвёра невядомых бандытаў напалі на заўсёднага ўдзельніка акцыі Віталя Пратасевіча, калі ён вяртаўся з працы дадому. Зьбіты Віталь знаходзіўся на бальнічным і на акцыю не прыйшоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)