Общество
Зміцер Лукашук, «Еврорадио»

У гасцях апазіцыянер — пастаўце шыльду, што тут свята, а не мітынг

На тое, каб сабраць сяброў на шашлыкі, браць дазвол на правядзенне масавага мерыпрыемства не трэба. Але калі там будзе прысутнічаць хтосці з лідэраў апазіцыі, то міліцыя раіць паставіць побач з шыльду з папярэджанне, што гэта не мітынг, а святкаванне.

Месяц таму міліцыі Івацэвічаў не спадабалася, як мясцовы жыхар Віталь Грыгорчык адсвяткаваў свой “дзень народзінаў” на беразе ракі Шчара. Праўда, высветлілася, што за тое, каб патрапіць на “святкаванне”, госці павінны былі заплаціць па 20 тысяч рублёў, а забаўлялі 400 гасцей музыкі пяці сталічных гуртоў. Імянінніку прысудзілі 700 тысяч рублёў штрафу за арганізацыю культурна-масавага мерапрыемства без дазвола ўладаў.

Еўрарадыё даведалася, ці трэба, каб пазбезнуць непаразуменняў з міліцыяй, перад выездам на пікнік вялікай кампаніяй, атрымаць дазвол на правядзенне культурна-масавага мерапрыемства. Альбо калі кампанія збіраецца для нейкага святкавання на кватэры.

Кіраўнік прсэ-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі запэўніў, што нічога такога не трэба. І нават пастаноўку пытання палічыў абсурднай.

Аляксандр Ластоўскі: “Я не стаў бы такім чынам ставіць пытанне. Ператвараючы гэта ў абсурдную сітуацыю, калі хтосьці хоча на прыродзе адпачыць і павінен гэта санкцыянаваць. Гучыць гэта нават непрыемна”.

І папрасіў прыгадаць, калі такое было, каб міліцыянеры перашкодзілі нейкаму прыватнаму святкаванню на прыродзе ці дома, калі ніякіх парушэнняў закона не было. Якім бы масавым гэта мерапрыемства не было. Мы згадалі.

Пра тое, як вельмі нязвыкла адсвяткаваў свой дзень народзінаў у 1992 годзе, расказаў Еўрарадыё Алесь Камоцкі. Прычым, не дзе-небудзь, а каля стэлы на праспекце Машэрава.

Алесь Камоцкі: “Я сказаў людзям: “Вас многа тут прыйшло, усе не памесцімся. Давайце ўсе прыйдзем пад стэлу на Машэрава 9 чысла ў 6 гадзін. Вазьміце з сабой бутэрброды, бо я не ведаю, хто-што будзе есці, а гарэлкі я прынясу”. І я сумку гарэлкі прыпёр. А народу сабралася — шмат! Як нас міліцыя не пагнала! Гэта было ў 1992 годзе”.

Тады сапраўды ўсё абыйшлося без эксцэсаў. Хоць там не толькі спявалі, але і гараэлку пілі. Але паўтарыць зараз такое ж святкаванне, а тым больш у тым жа месцы, Камоцкі не рызыкнуў бы.

Алесь Камоцкі: “Я не ведаю, што зараз у людзях творыцца. Але думаю, што намі б вельмі зацікавіліся нейкія там міліцыі”.

У сваіх засцярогах Камоцкі мае рацыю. Бо мінула колькі гадоў і стаўленне міліцыі да святкаванняў, арганізаваных вядомымі людзьмі, стала зусім іншае. Нават, калі гэта ўсяго толькі сустрэча аднакласнікаў на здымнай кватэры. Як гэта было ў 2006 годзе з былым дэпутатам Сяргеям Антончыкам.

Сяргей Антончык: “АМАП прыехаў, аўтобус, усіх у аўтобус пасадзілі і прывезлі ў РАЎС Савецкага раёна. Усіх пасадзілі ў залі, а мяне прывялі ў кабінет і распытвалі: “Што вы там рабілі? Ці гэта санкцыянаваны сход?” У кожнага ўзялі даведку хто ён і што. Усіх адпусцілі са словамі: “За тое, што вы супраць не выступалі, то мы вас адпускаем да суда, а не даем 15 сутак”. Адпусцілі, а потым далі 2 тысячы долараў штрафу за несанкцыянаваны сход. А тое, што мы сядзелі з гарбатай і што ніякага палітычнага сходу не было, суд не ўлічыў”.

Не дапамагло нават тое, што нікога з палітыкаў, акрамя Антончыка, на гэтай сустрэчы не было. Больш за тое, Антончыку пагражалі пакінуць яго жонку ў “малпоўніку” на 15 сутак, калі ён не прызнаецца, з якой мэтай яны насамрэч сабраліся.

Увогуле, апошнім часам любое мерапрыемства, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі ці актывісты апазіцыі, альбо тыя, хто проста не згодны з палітыкай улады, выклікае павышаны інтарэс міліцыі і спецслужб. Нават калі гэта не мітынг ці якая палітычная акцыя.

Днямі пад Ваўкавыскам прыхільнікі творчасці паэткі Ларысы Геніюш зладзілі культурніцкую сустрэчу на прыродзе. Спявалі песні, чыталі вершы паэткі. Сустрэча прайшла, але сачылі за ёй, кажа літаратар Міхась Скобла, пільна.

Міхась Скобла: “Мільгацелі побач і падыходзілі разоў 5. У нас сцяг вісеў і яны падыходзілі, прасілі яго зняць. Але вельмі карэктна. А непадалёк, за метраў 300, мы бачылі, што стаіць 3-4 машыны. Там у іх быў такі штабок, дзе яны тусаваліся і адкуль пасылалі парламенцёраў у пагонах да нас”.

Але асабліва пільна пільнуюць міліцыянеры мерапрыемствы, на якіх прысутнічаюць вядомыя асобы. Ім не тое, што на шашлыкі — на машыне спакойна праехаць не выпадае, кажа прэс-сакратар кампаніі “Гавары праўду!” Юля Рымашэўская.

Юля Рымашэўская: “Мы маем справу з рэгулярнымі праверкамі аўтамабіля. Бо калі ў гэтым аўтамабілі едзе Някляеў, то не раз ужо здаралася, што менавіта гэты аўтамабль быў падобны на нейкі іншы, на якім невядомыя злачынцы рабілі нейкія злачынныя захады”.

Еўрарадыё пацікаваілася ў прэс-сакратара сталічнай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, як спакойна звычайнаму чалавеку адзначыць дзень народзінаў на прыродзе, калі раптам сярод гасцей апынуўся вядомы палітык. І ён даў арыгінальную параду.

Аляксандр Ластоўскі: “Супрацоўнік міліцыі праходзіць і бачыць, што палітыкі сабраліся. Палітыкі нешта жвава абмяркоўваюць. Спрацоўнік міліцыі проста абавязаны пацікаваіцца — гэта масавае мерапрыемства ці як? Калі масавае мерапрыемства, то ці ёсць на яго адпаведны дазвол. Альбо у вас будзе шыльда: “Мы сядзім, святкуем мой дзень народзінаў!” Вось калі такая шыльда на вас будзе вісець ці побач стаяць, я думаю, пытанняў да вас не будзе”.

І заявіў, што міліцыя зусім не цікавіцца палітыкай — яна толькі сочыць за парадкам і выкананнем законаў. Яны нават, кажа Ластоўскі, не супраць флэш-мобаў. Але нармальных, а не такіх, як, да прыкладу, бойка падушкамі ля Нацыянальнай бібліятэкі.

Застаецца толькі параіць Лябедзьку з Раманчуком, за якімі нібыта апошнім часам пастаянна ходзіць “суправаджэнне”, вешаць на грудзі шыльду: “Я іду ў краму, а не на мітынг”. І жыць стане спакайней. А паколькі парады тычацца не толькі палітыкаў і грамадскіх дзеячоў, але і простых людзей, то прадпрымальнікі могуць нават наладзіць выпуск такіх шыльд з розным варыянтам тлумачальнага тэкста.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)