Политика
Ганна Соўсь, Севярын Квяткоўскі, Радыё Свабода

У галадоўцы пратэсту бяруць удзел ужо 36 чалавек

Працягваецца моладзевая галадоўка пратэсту з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед сяброў “Маладога фронту” і вызваліць усіх палітычных зьняволеных. У акцыі пратэсту бяруць удзел моладзевыя актывісты зь Менску, Салігорску, Горадні, Жодзіна, Ліды і ўкраінскага Луцку. Моладзевыя актывісты кажуць, што колькасьць удзельнікаў акцыі будзе павялічвацца.

Учора ўвечары ў Салігорску міліцыя затрымала трох удзельнікаў галадоўкі — Івана Шыла, Максіма Сяменчыка і Сяржука Пацкевіча, калі яны перавозілі кампутар Максіма Сяменчыка з кватэры, дзе ладзіцца акцыя, да яго дадому. Актывістаў “Маладога Фронту” пратрымалі ў міліцыі каля дзьвюх гадзінаў, але не знайшлі фармальных прычынаў для арышту. Удзень 2 чэрвеня прадстаўнікі галадоўнікаў сустракаліся са старшынём салігорскага гарвыканкаму Міхаілам Амеліенчуком. Спадар Амеліенчук заявіў, што галадоўка — прыватная справа ўдзельнікаў ды іхных бацькоў. Са свайго боку Іван Шыла заявіў, што не выключае магчымасьці выхаду галадоўнікаў на цэнтральны пляц Салігорску.

Да галадоўкі пратэсту, распачатай з ініцыятывы салігорскіх маладафронтаўцаў, далучыліся сямёра жодзінскіх моладзевых актывістаў. Сярод іх — прадстаўнік “Маладых сацыял-дэмакратаў” Зьміцер Чарткоў, які год таму гэтаксама браў удзел у галадоўцы дзеля спыненьня перасьледу апазыцыйнай моладзі ў навучальных установах.

(Чарткоў: ) “Мы далучыліся да галадоўкі на знак салідарнасьці, пакуль што на тры дні. Ніхто не сыходзіць з працы. Заўтра ўвечары зьбярэмся ў мяне на кватэры, будзем глядзець далей. Але пакуль гэта салідарнасьць, каб скончыўся ціск на беларускіх палітвязьняў, і менавіта ў Жодзінскім СІЗА — хто адбываў там пакараньне, і тых, хто цяпер там, і ў падтрымку тых нашых сяброў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў”.

Зьміцер Чарткоў адзначае, што ў адной з удзельніц галадоўкі Насты Шымко паўсталі праблемы з адміністрацыяй навучальнай установы пасьля таго, як яна разам зь сябрамі ўздымала бел-чырвона-белы сьцяг на фэстывалі “Beatles forever”. Разам з Настай Шымко й Зьмітром Чартковым у Жодзіне галадоўку пратэсту распачалі таксама Сяржук Давідзенка, Барыс Бабкоў, Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец і Павал Каранюхін.

А на Гарадзеншчыне працягваюць галадоўку ўжо сямёра чалавек. Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі Яўген Скрабутан:

(Скрабутан: ) “Учора літаральна далучыўся Сяржук Чайка — кіраўнік лідзкага “Маладога фронту”. Абставіны склаліся так, што ўсе разам мы, на жаль, ня можам знаходзіцца недзе ў адной кватэры, таму галадаем кожны ў сябе. Сёньня стан ужо трошкі пагоршыўся. Я яшчэ трохі прастыў. Цяжка хадзіць ужо. Мае бацькі вельмі перажываюць, просяць, каб спыніў галадоўку. Шчыра кажучы, ня ведаю, што рабіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але галадоўку пакуль вы не зьбіраецеся спыняць?”

(Скрабутан: ) “Пакуль не”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч учора па выхадзе з турмы на Акрэсьціна пасьля 15-суткавага арышту далучыўся да галадоўнікаў. Зьміцер кажа, што на пачатку наступнага тыдня будзе створаны агульны цэнтар галадоўкі.

(Дашкевіч: ) “Плянуем, што будзе вельмі шмат людзей далучацца, таму што нам тэлефануюць, пішуць, запытваюцца. Будзем, безумоўна, сачыць за рэакцыяй уладаў, таму што асноўнае нашае патрабаваньне — спыненьне перасьледу актывістаў “Маладога фронту” й спыненьне ўсіх незаконна заведзеных крымінальных справаў. Нават ужо дзеці 13—15 гадоў распачынаюць такую найсур’ёзьнейшую палітычную акцыю. Нас не запужаць ні рэпрэсіямі, ні крымінальнымі справамі, ніякім перасьледам”.

У галадоўцы бяруць удзел 36 чалавек.

Ільля й Іван Шылы, Максім Сяменчык, Сяргей Пацкевіч, Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў, Глеб Сандрас, Уладзімер Лемеш — у Салігорску. Яўген Скрабутан, Зьміцер Цесьлянок, Яўгенія Шасьцерыкова, Андрэй і Ганна Фаміны, Вольга Смалянчук — у Горадні. Сяржук Чайка — у Лідзе і Ігар Шчакарэвіч — у Луцку (Украіна). Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксандра Яначка, Аляксей Янушэўскі, Тацяна Анікеенка, Уладзімер Дубовік, Алена Ігнацьева, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, Кірыл Шымановіч і Дзяніс Карноў — у Менску. Наста Шымко, Сяржук Давідзенка, Барыс Бабкоў, Зьміцер Чарткоў, Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец, Павал Каранюхін — галадаюць у Жодзіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)