БНР
Іна Студзінская, ”Радыё Свабода”

У Дзень Волі вучняў прымусова заганяюць на дыскатэкі

Менскіх школьнікаў, нягледзячы на вакацыі, прымушаюць 25 сакавіка правесьці цэлы дзень у школьным лягеры, а ўвечары абавязкова наведаць дыскатэку.

У некаторых рэгіёнах ствараюцца штучныя перашкоды, каб грамадзкія актывісты не змаглі прыехаць у сталіцу на сьвяткаваньне Дня Волі.

Ва Ўзьдзе 24 сакавіка ва ўласнай краме быў затрыманы актывіст кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Крываль. Мясцовая міліцыя ўзгадала, што ён не даседзеў яшчэ двое сутак адміністрацыйнага арышту. 1 сакавіка яго датэрмінова літаральна “выпхнулі” з камэры, калі ён адбываў 15 сутак за распаўсюд улётак напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў. Тады спадар Крываль абвясьціў галадоўку, а намесьнік галоўнага лекара Ўзьдзенскага шпіталю вынес рашэньне, што стан здароўя не дазваляе таму знаходзіцца ў камэры. І ўчора ўзьдзенская міліцыя вырашыла, што надышоў час Крывалю даседзець двое сутак.

Моладзевага актывіста Франака Вячорку выклікаюць у Савецкі райваенкамат Менску 25-га а 18-й гадзіне, хаця ўсе дзяржаўныя ўстановы ў гэты час працу заканчваюць... І такія прыклады можна працягваць.

У Жлобіне не прадаюць квіткі на цягнікі, якія раніцай 25-га едуць у накірунку Менску, Магілёву, Бабруйску. Распавядае сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марат Афанасьеў:

“Адмененыя цягнікі на Менск 25-га, 26-га і 27-га, прычына — быццам бы рамонт мота празь Бярэзіну. Але адначасова ў аб’яве пазначаныя цягнікі, якія ідуць і на Магілёў, то бок Гомель — Магілёў, іншыя, якімі праз Магілёў можна дабрацца да Менску. Хаця ніякага моста на шляху ад Жлобіна да Менску не існуе. У нас жа такая практыка існуе...”

Марат Афанасьеў распавёў, як у дні страйкаў прадпрымальнікаў у Менску міліцыянты спынялі машыны са сьветлагорскімі, жлобінскімі актывістамі, забіралі правы і разварочвалі назад.

А ў многіх сталічных школах, нягледзячы на вакацыі, адзін дзень, менавіта 25 сакавіка, дзеці павінны правесьці менавіта ў школах — працуе абавязковы школьны лягер з трохразовым харчаваньнем. Распавядае навучэнец адной зь менскіх школ:

“Нам абвясьцілі такую праграму: з самай раніцы мы павінны прыйсьці ў школу, паесьці, потым нейкія мерапрыемствы ў актавай залі, наведваньне музэю, і нельга адтуль сысьці раней, трэба абавязкова цэлы дзень быць у школе. Потым увечары абавязковая для ўсіх дыскатэка”.

Менскія школы атрымалі распараджэньне максымальна заняць дзяцей 25 сакавіка ад раённых управаў адукацыі.

А Сталічнае тэлебачаньне ўчора ўвечары паведаміла, што ў найвышэйшую ступень боегатоўнасьці прыведзеныя некалькі падразьдзяленьняў мэханізаваных брыгад Узброеных сіл Беларусі.