Скандалы

У чым вінавацяць сяброўку сям’і Бабарыкі, якая знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Сьвятлану Купрэеву падазраюць ва ўчыненьні злачынства адпаведна частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу: «ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», пiша Радыё Свабода.

Пра гэта сказана ў пастанове аб арышце маёмасьці і перадачы на адказнае захаваньне ад 12 чэрвеня, паведаміла маці Сьвятланы.

У дакумэнце гаворыцца, што ў вытворчасьці Дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў КДК знаходзіцца крымінальная справа па падазрэньні Сьвятланы Купрэевай і іншых асобаў ва ўчыненьні злачынства па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу, спалучанага з нанясеньнем шкоды на агульную суму ня менш за 8 мільёнаў 950 тысяч рублёў, які дагэтуль не кампэнсаваны.

— У Сьвятланы ніколі такіх грошай не было і падаткі яна спраўна плаціла. Яна да гэтага яўна ня мае дачыненьня, бо ня ў стане такое рабіць, — кажа Тацяна Мікалаеўна.

Арышт маёмасьці быў санкцыянаваны 15 чэрвеня і ў гэты ж дзень праваахоўнікі прыйшлі на кватэру маці Сьвятланы пад выглядам работнікаў ЖЭСа.

— Я ім адразу сказала, што гэта мая кватэра і ўсе рэчы мае, яе толькі сукенкі і абутак, — кажа Тацяна Мікалаеўна. — Таму арыштавалі лецішча, якое я апісала на дачку. Гэта шпакоўня, а не лецішча, 30 гадоў яму, перабудаванае з матулінай трухлявай драўлянай хаткі. Гэты дамок мне браты збудавалі 30 гадоў таму. І два ўчасткі па 4 соткі. У мяне яны спыталі ў якую суму я ацаню лецішча, я кажу, што я не спэцыяліст, магчыма тысяч пяць рублёў, бо ўсё гэта трухлявае.

Лецішча Сьвятланы Купрэевай

Чакаецца, што сёньня ў СІЗА КДБ будзе праведзены допыт Сьвятланы Купрэевай, на якім будзе прысутнічаць адвакат.

Маскоўскі суд Менску ўвечары 16 чэрвеня адхіліў скаргі на затрыманьне Сьвятланы Купрэевай, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатара па адным з раёнаў Менску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(29)