У Чэхіі перакуліўся аўтобус зь беларускімі дзецьмі

У сераду, 6 студзеня, у ваколіцах чэскага населенага пункту Літаборж (Litoboř) перакуліўся турыстычны аўтобус, які перавозіў 49 чалавек зь Беларусі - дзяцей і іх бацькоў.

Як паведаміла нашаму радыё консул Беларусі ў Чэхіі Ірына Стурма, у аўтобусе ехалі дзеці з бацькамі, яны вярталіся з экскурсійнай паездкі ў Прагу.

У выніку аварыі 11 дзяцей атрымалі раненьні. На месца прыбылі некалькі брыгад хуткай дапамогі, пажарныя і верталёт выратавальнай службы.

ДТЗ адбылося каля 11:00 мясцовага часу. Паводле папярэдняй вэрсіі паліцыі, кіроўца недаацаніў складанасьць умоў надвор’я, у краіне другі дзень сьнегапад, і занадта моцна разагнаўся.

«Турыстычны аўтобус зьехаў з трасы, якую на той момант блякавала аварыя, і пачаў аб’яжджаць шашой ніжэйшай катэгорыі. На пласьце разьмяклага сьнегу аўтобус занесла, і ён перакуліўся на правы бок на полі каля шашы», – сказала нашаму радыё Эва Прахаржава, прэсавы прадстаўнік паліцыі ў Нахадзе.

Спадарыня Прахаржава дадала, што тэст на ўжываньне алькаголю ў адносінах да двух кіроўцаў аўтобусу, які правяла паліцыя, даў адмоўны вынік.

«Пашкоджаньні атрымалі 11 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. Аднаго пятнаццацігадовага хлопчыка зь цяжкімі траўмамі верталётам даставілі ў шпіталь. Яшчэ адна дзяўчынка такога самага ўзросту атрымала раненьне сярэдняй ступені цяжкасьці. Астатнія дзеці абышліся лёгкімі ранамі», — распавёў прадстаўнік службы хуткай дапамогі Кралавэградзкага краю Чэхіі Іва Новак.

Усіх пасажыраў пажарныя перасадзілі ў службовы аўтобус, даставілі і разьмясьцілі ў пасёлку Горжычкі (Hořičky). Зь імі працуе псыхоляг. Паліцыя высьвятляе абставіны ДТЗ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)