Общество
Сямён Печанко, «Наша Нiва»

У часе вянчання ў касцёле на 7-гадовага хлопчыка абрушылася мемарыяльная дошка

Трагедыя здарылася ў суботу 30 ліпеня ў касцёле Святога Мікалая ў часе вянчання. Вось што расказаў адзін з мясцовых жыхароў.

Маладыя распісаліся ў пасялковым савеце, а потым разам з гасцямі праз дарогу перайшлі ў касцёл. Малады, кажуць з Гродна, каталік. Маладая — з адной з карэліцкіх вёсак. Сярод гасцей быў 7-гадовы Ігнась П. з Брэста. На вяселле прыехаў з бабуляй. У часе вянчання хлопчык апынуўся каля нішы ў сцяне, дзе была размешчаная мемарыяльная дошка ў гонар Ігната Дамейкі. Невядома, ці тая дошка сама ўпала, ці хлопчык да яе дакранаўся, але ў выніку яна адвалілася ад сцяны і абрушылася на дзіця. Дошка важыць больш за 200 кг, шанцаў у няшчаснага хлопчыка не было.

Вядома, што дошка пэўны час знаходзілася побач з касцёлам на вуліцы, а колькі гадоў таму была ўсталяваная ў сярэдзіне. Усталёўвалі яе супрацоўнікі адной з мінскіх фірмаў.

Цяпер здарэнне ў мірскім касцёле расследуе пракуратура. У карэліцкай раённай пракуратуры параілі звяртацца па падрабязнасці ў абласную. Але атрымаць там каментар пакуль не ўдалося.

Трагедыя ў мясцовым касцёле — не адзінае здарэнне, якое ўзрушыла мірчукоў і патрапіла ў міліцэйскую зводку. У аўторак 26 ліпеня жудасны выпадак здарыўся каля Міра, паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама. Трактарыст 1967 г.н. выйшаў са свайго К-701. Той пакаціўся, трактарыст паспрабаваў дагнаць яго, каб спыніць, але трапіў пад задняе кола і загінуў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)