Комментарии
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

У чаканні цуду

Плошча вызначыць палітычную сітуацыю на наступную пяцігодку.

Адразу шэсць кандыдатаў заклікаюць выбарцаў прыйсці на Плошчу 19 снежня. Гэта Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Някляеў і Яраслаў Раманчук.

Яны клічуць людзей прыйсці на Кастрычніцкую, а 20-й гадзіне, пасля сканчэння галасавання. Хто не наважваецца ісці на Плошчу на самоце, тых Статкевіч і Рымашэўскі заклікалі сабрацца ў калону каля вакзала, а 19-й. Калона хадэкаў і сацдэмаў рушыць адтуль, а 19.30.

Генеральная пракуратура зрэагавала на заклікі папярэджаннямі.

Тым не менш, кандыдаты клічуць менавіта на Кастрычніцкую плошчу. Яна найбольшая і сімвалічная. На ёй збіраліся і ў 2006 годзе. Тады з лёгкай рукі пісьменніка Уладзіміра Арлова ўдзельнікі намётавага мястэчка пераназвалі яе ў плошчу Каліноўскага.

На яе лёгка выйсці са станцый метро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская». Калі ў 2006-м улады закрылі гэтыя дзве станцыі, людскія ручаінкі сцякаліся на яе ад «Нямігі» і «Плошчы Перамогі».

Сёлета на Кастрычніцкай ужо паспелі заліць коўзанку і паставіць вялікую ёлку. Таму ў штабах кандыдатаў людзям напаўжартам-напаўсур’ёзна прапаноўваюць браць з сабой соль і пясок, каб змагацца з лёдам. Затое ўлады нечакана выставілі на Плошчы біятуалеты.

Дзеянні арганізатараў ускладняюцца халодным надвор’ем. На 19 снежня сіноптыкі абяцаюць да 11 марозу ўранку і мінус 8–10 увечары з невялікім снегам. 19 сакавіка 2006 года большасць мітынгоўцаў разышлася ў часе снежнага шквалу. Тады выказваліся нават меркаванні, што ён быў штучна выкліканы снегавымі пушкамі.

На выбарах лягчэй

Ва ўмовах, калі няма празрыстага падліку галасоў, менавіта выхад на Плошчу для грамадзян стаў галоўнай праявай іх пазіцыі. Падобнае адбывалася ва ўсіх краінах, дзе выбарцы не былі ўпэўненыя ў справядлівасці вынікаў. Часта паслявыбарчыя пратэсты перарасталі ў перамогу апазіцыі — на Філіпінах, у Сербіі, Грузіі, Украіне.

Пратэстоўцы негвалтоўным шляхам дамагаліся змены ўлады. Волю, прадэманстраваную на вуліцах, немагчыма ігнараваць. Мабілізаваць людзей на вуліцы падчас выбараў нашмат лягчэй.

Міжнародныя назіральнікі пагаджаюцца, што пэўны прагрэс на гэтых выбарах назіраецца. Збор подпісаў адбываўся свабодна, як і сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі. Але да прававых нормаў яшчэ вельмі далёка. Найперш таму, што апазіцыя зноў не была ўключаная ў выбарчыя камісіі. Яе там 0,25%. На тэлебачанні дамінуе адзін палітык, якому, паводле звестак маніторынгу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, было прысвечана 90% часу, што адводзіцца выбарам. Дзейнасць іншых прэтэндэнтаў не асвятляецца ці асвятляецца ў негатыўным святле.

Па-ранейшаму не адмененае датэрміновае галасаванне. А назіральнікі кажуць, што менавіта з бюлетэнямі для датэрміновага галасавання адбываецца найбольш фальсіфікацый. Пра іх механізм сёлета падрабязна расказаў палкоўнік Казлоў, які зафіксаваў укідванне падробных бюлетэняў у скрыні ў ноч з суботы на нядзелю падчас парламенцкіх выбараў.

У кожным разе, імкненне ўладаў загнаць людзей на галасаванне менавіта датэрмінова выклікае заканамерныя падазрэнні.

Так і не распрацаваныя да канца абавязкі і правы назіральнікаў. Усё гэта дазваляе гаварыць апазіцыі пра нелегітымнасць працэсу.

Дзевяць генералаў

Няясным застаецца тое, ці змогуць дзевяць «генералаў» адначасова кіраваць падзеямі на Плошчы. Вядома, што агульнага бачання ў іх доўгі час не было.

Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў пра каардынацыю дзеянняў дамовіліся задоўга да выбараў. «Мы размаўляем з Някляевым наконт Плошчы», — кажа А.Саннікаў.

«Павінна быць агульная стратэгія на Плошчы, створаны камітэт з тых кандыдатаў, усіх ці амаль усіх, якія запрашалі на Плошчу. Ён будзе прымаць рашэнні па яе фармаце, правядзенні і гэтак далей. Выканаўцам прынятых рашэнняў даручана быць мне», — кажа М.Статкевіч. Паводле яго словаў, на сустрэчы прысутнічаў Віталь Рымашэўскі, а таксама прадстаўнікі Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука і Рыгора Кастусёва. Але канчатковай згоды са штабоў Саннікава і Някляева пакуль няма.

Такім чынам, кандыдаты спрабуюць размаўляць і дамаўляцца, але рэальнай застаецца магчымасць таго, што ў Плошчы можа быць некалькі пунктаў кіравання. Умоўна кажучы, адзін узначаліць Уладзімір Някляеў, а другі — Мікола Статкевіч. І імаверная разрозненасць дзеянняў пойдзе на шкоду Плошчы.

Аднак пад ціскам грамадскае думкі, здаецца, лідары вымушаныя дзейнічаць супольна. У суботу Някляеў і Саннікаў заявілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў, калі пераможцам будзе абвешчаны Лукашэнкі. А Рымашэўскі паведаміў, што асноўным лозунгам Плошчы будзе «Мы — адзін народ».

Статкевіч паабяцаў прыйсці на Плошчу пад харугвай з уласным шляхецкім гербам.

Стала вядома, што на Плошчы будзе адна трыбуна і супольны штаб.

Колькі прыйдзе людзей сёлета? Адны кажуць пра пяць тысяч, іншыя — пра пяцьдзясят. У любым выпадку, яна стане самай масавай маніфестацыяй апазіцыі за апошнія гады.

У сацыяльнай сетцы «Укантакце» група «Плошча-2010» дасягнула 130 тысяч чалавек.

Практычныя парады

Статкевіч заклікаў аўтааматараў не карыстацца асабістым транспартам вечарам 19 снежня ў цэнтры Мінска ці выключыць са сваіх маршрутаў раён Кастрычніцкай плошчы.

«Могуць утварыцца заторы, і будзеце стаяць у іх некалькі гадзін», — сказаў Статкевіч.

Іншыя кандыдаты нагадваюць людзям пра цёплую вопратку і камфортны абутак, якія захаваюць ад марозу.

Улады, у сваю чаргу, праводзяць кампанію запалохвання — часам даволі штукарскую. Аднак, здаецца, ніхто не верыць у магчымасць сур’ёзных правакацый і гвалту на Плошчу, бо нават у 2006-м гэтага не здарылася.

Сцэнары

Кандыдаты абяцаюць, што сцэнары на 19 снежня ў іх маюцца. Прычым распрацоўваюцца самыя розныя варыянты. Ясная справа, што для прэсы іх не агучваюць. Баяцца, што гэтым скарыстаюцца ўлады.

Пасля 2006 года шмат хто імкнуўся папракнуць Мілінкевіча, што ў яго не было яснага плана. Пазней Мілінкевіч прызнаецца, што ён не верыў, што ўлады пусцяць іх на Кастрычніцкую. Цяпер у кандыдатаў ёсць магчымасць даказаць, што яны лепшыя стратэгі і тактыкі за Мілінкевіча.

Казаць, што нехта з кандыдатаў перамог, хутчэй за ўсё, не будуць.

Патрабаваць другога тура — малаімаверна. Больш верагодны варыянт — правядзення новых, справядлівых выбараў без Лукашэнкі.

Рымашэўскі і Саннікаў прапануюць распачаць агульнанацыянальную забастоўку.

Пасля мінулых выбараў на другі дзень моладзь разбіла на Плошчы намётавае мястэчка, якое праіснавала чатыры дні.

Тады шмат хто казаў пра маральную перамогу. Пра перамогу рэальную пакуль ніхто не гаварыў.

Тым не менш, сёлета кожны чалавек выходзіць на Плошчу ў чаканні цуду. Хай і не кажуць пра тое ўслых.

Ну, а добры настрой для ўдзельнікаў павінен быць забяспечаны. Мінулая Плошча дала моцны зарад энергіі, якім жывіліся наступныя гады.

Палітолаг Віталь Сіліцкі кажа, што градус страху на гэтых выбарах непараўнальна меншы, чым у 2006-м. «Шмат хто можа прыйсці на Кастрычніцкую проста з цікавасці», — зазначае аналітык.

У нядзелю вечарам мы даведаемся адказы на ўсе пытанні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)