Общество

У Бярозаўскім раёне звальняюць адразу чатырох дырэктараў школ, у якіх сумленна падлічылі галасы

У Бярозаўскім раёне звальняюць адразу чатырох дырэктараў школ: дырэктарку Бярозаўскай базавай школы Іну Жуковіч, дырэктара Здзітаўскай сярэдняй школы Віталя Жуковіча, дырэктарку СШ № 3 Белаазерску Святлану Карповіч і дырэктара СШ № 1 Бярозы Мікалая Жуковіча, піша Свабода.

Злева направа: дырэктарка СШ № 3 Белаазерска Святлана Карповіч, дырэктар СШ № 1 Бярозы Мікалай Жуковіч, дырэктарка Бярозаўскай базавай школы Іна Жуковіч, дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Віталь Жуковіч

Начальнік аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Аляксандр Шымчук сказаў журналістам, што дырэктары «напісалі заявы па ўласным жаданні, стаміліся, напэўна».

«А тое, што дырэктары звольніліся, гэта сенсацыя? — спытаў ён. — Я тут сенсацыі ніякай ня бачу. Самі дырэктары напісалі па ўласным жаданні, я не бачу ніякай праблемы».

Мікалай Жуковіч, як сказалі ў аддзеле адукацыі, пакуль працуе, заяву ён пакуль не напісаў.

На сайце change.org размешчана петыцыя з патрабаваннем спыніць звальненне дырэктараў. Бацькі школьнікаў і самі школьнікі выказваюць у ёй падтрымку Мікалаю Жуковічу.

У сацыяльных сетках выказваецца меркаванне, што Мікалай Жуковіч трапіў у апалу нібыта за тое, што не ўзяў удзелу ў праўладным мітынгу. У аддзеле адукацыі параілі звяртацца да самога Мікалая Жуковіча, аднак пагутарыць з ім пакуль не ўдалося.

Дырэктаркі Іна Жуковіч і Святлана Карповіч ад каментароў адмовіліся. Сайт 1reg.by паведамляе, што ў Бярозаўскай базавай школе працавала выбарчая камісія, якую ўзначальвала дырэктарка, і там на выбарах перамагла Святлана Ціханоўская. На ўчастку, які быў у Белаазерскай СШ № 3, таксама перамагла Святлана Ціханоўская.

Віталь Жуковіч сказаў журналістам, што яго звальняюць і 24 снежня ў яго апошні дзень працы.

«Я не планаваў звальняцца, для мяне асабіста гэта было нечаканасцю. Ніякіх думак пра звальненне не было. Гэта прымус да звальнення», — сказаў Віталь Жуковіч.

У сацсетках выказваецца меркаванне, што падставай для звальненьня стала тое, што дырэктар быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі.

«Я зацікаўлены і хачу працаваць на пасадзе дырэктара, мяне падтрымлівае калектыў і мясцовая супольнасць, яны бачаць нашу працу. Я працую дырэктарам ужо каля 14 гадоў. І тое, што, маўляў, адначасова «стаміліся» чатыры дырэктары Бярозаўскага раёну, не вытрымлівае крытыкі. Не стаміліся, ніводзін з дырэктараў школ не стаміўся», — сказаў ён.

Віталь Жуковіч спачатку адмовіўся пісаць заяву па згодзе бакоў, але потым «пабачыў развіццё падзей, пачаўся нейкі ціск».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(45)