Общество

Таццяна Процька, Новы час

«У БССР за непрыманне камунізму расстрэльвалі целы, зараз расстрэльваюць душы»

Камунізм у сучаснай Беларусі захаваў адметныя рысы савецкага камунізму (можна таксама сказаць «бальшавіцкага камунізму»), у некаторых напрамках яго нават развілі, дый развіваюць дагэтуль.

Перш, чым аналізаваць стан камунізму ў Беларусі, неабходна вызначыць, як беларусы разумеюць гэтае складанае паняцце, і што ёсць сучасны камунізм у Беларусі на самай справе. Іншымі словамі — што такое камунізм на побытавым узроўні і на больш-менш навуковым.

Каб знайсці адказы на першую частку, я арганізавала два апытанні — у сваім аграгарадку Забалоцце, дзе зараз жыву, і ў Мінску, сярод былых і сучасных суседзяў, знаёмых, сяброў, іх дзетак і ўнукаў. Гэта было не тыповае сацыялагічнае апытанне толькі па аднолькавых фармулёўках, але больш размова, каб людзі разумелі дакладна, што мяне цікавіць.

І хоць гэтую выбарку нельга лічыць сапраўдным навуковым сацыялагічным даследаваннем і распаўсюджваць на ўсё беларускае насельніцтва, яе высновы цікавыя — не ў колькасным плане, але ў якасным.

Значная частка маіх вясковых «рэспандэнтаў» станоўча ацэньваюць камунізм, гарадскіх — адмоўна (прыкладна, як +90% і –80%). Вяскоўцы, якія так ці інакш ведаюць пра калектывізацыю, вынішчэнне хутароў (у нас у раёне такіх людзей ужо засталося няшмат, але яны перадалі дзецям сваё стаўленне, хоць і не ўсе) і складаюць 10 адмоўных працэнтаў да камунізму.

Станоўча выказаліся пра камунізм так званыя «ідэйныя камуністы» — настаўнікі, былыя супрацоўнікі партапарату, тыя, хто ў савецкія часы добра жылі ў матэрыяльным плане.

Цікава, што жыхары не Мінска, калі казалі пра камунізм, мелі на ўвазе найперш рэальныя падзеі са свайго жыцця (прыгадваюць, як райкам КПБ дапамог, як цікава было ў камсамоле, піянерах і іншае), жыхары Мінска адмоўна ставіліся пераважна да камуністычнай ідэі (як яны яе разумелі), называлі яе ўтапічнай. Моладзь наогул не хацела размаўляць на гэтую тэму, бо лічыла яе не карыснай і не цікавай для свайго будучага жыцця, адказвала тэлевізійнымі штампамі.

Разам з тым, камунізм у сучаснай Беларусі ёсць вынікам амаль 75-гадовага жыцця насельніцтва ў складзе СССР-БССР. Ён не толькі культываваўся дзяржавай, але і быў формай жыцця не менш чым трох пакаленняў. Памяць пра гэтае жыццё, яго найбольш яскравыя старонкі — і ёсць аснова ўяўленняў сучасных беларускіх людзей пра камунізм.

З навуковага погляду (аналізу выступаў кіраўнікоў дзяржавы, прынятых законаў, арганізацыі сістэмы дзяржкіравання, дзяржаўнага выхавання, публікацый у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, манаграфій, перадач БТ, ушанавання падзей і людзей, твораў мастацтва, у тым ліку літаратуры і іншае) камунізм у сучаснай Беларусі ёсць сукупнасць поглядаў на развіццё эканомікі, палітыкі Беларусі, арганізацыю дзяржаўнага выхавання, нацыянальнае і дзяржаўнае развіццё.

Гэтыя погляды складаюцца не толькі з тэарэтычных пасылаў, але ўтрымліваюць і канкрэтныя прапановы дзеянняў. Важна разумець, што яны звязаныя непарыўна — эканоміка дапамагае палітыцы, тэорыя — практыцы, існуюць у камуністычнай сістэме. Дэфармацыя ў адным з блокаў гэтай сістэмы вядзе да змяненняў у іншых. Гэта стварае ілюзію пазбаўлення ад камунізму, але пакуль уся сістэма не разбураная, камунізм працягвае існаваць.

Змяняюцца назвы (напрыклад, прэзідэнт аналагічны пасадзе першага сакратара КПБ, Адміністрацыя прэзідэнта і яе аддзяленні ў рэгіёнах адпавядаюць структурам і дзейнасці ЦК КПБ і райкамаў КПБ, «варожыя класы» замененыя «апазіцыяй» і іншае), але сутнасць застаецца нязменнай.

Камунізм у сучаснай Беларусі захаваў адметныя рысы савецкага камунізму (можна таксама сказаць «бальшавіцкага камунізму»), у некаторых напрамках яго нават развілі, дый развіваюць дагэтуль.

Працяг артыкула чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)