«У блакаванні сайтаў адсутнічае грамадская небяспека»
Упраўленне «К» пры Міністэрстве ўнутраных спраў і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце РБ адказалі на зварот ГА «БАЖ» наконт блакавання шэрагу інтэрнэт-сайтаў.
«Паведамляем, што ААЦ захадаў па абмежаванні доступу да ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася», — гаворыцца ў лісце першага намесніка начальніка Цэнтра Уладзіміра Рабаволава.
«Акрамя таго, у мэтах атрымання поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі па ўказаных у звароце пытаннях з аператарамі электрасувязі, упаўнаважанымі за пропуск міжсецевага трафіка, праведзена адпаведная праца», — піша сп. Рабаволаў.
«Па прадстаўленай дадзенымі аператарамі інфармацыі ўстаноўлена, што якіх-кольвек абмежаванняў на доступ да ўказаных у звароце інтэрнэт-сайтаў не прымянялася. Збояў у працы абсталявання сетак перадачы дадзеных, а таксама кропкі абмену нацыянальным трафікам і міжнароднага цэнтра камутацыі 19 снежня 2014 г. не зафіксавана».
«Разам з тым указанымі аператарамі 19 снежня 2014 г. зафіксавана масіраваная атака на сетку перадачы дадзеных. Паводле атрыманай інфармацыі, зробленыя захады абароны не паўплывалі на даступнасць указаных у звароце інтэрнэт-сайтаў», — пішуць з ААЦ.
Упраўленне«К» інфармуеГА«БАЖ», штоправялоправерку, учасеякойвысветлілафізічнаемесцазнаходжанне«тэхнічныхрэсурсаў» заблакаваныхсайтаў (улісцепералічваюццаканкрэтныякраіныпакожнымрэсурсе).
«Паводле інфармацыі РУП “Белтэлекам”, якіх-кольвек абмежаванняў на даступнасць указаных рэсурсаў у сетцы перадачы дадзеных РУП “Белтэлекам” не ўстаноўлена», — піша намеснік начальніка ўпраўлення Н. Лысенка.
«Высветліць прычыны адсутнасці доступу карыстальнікаў Беларускага сегменту сеткі Інтэрнэт да вышэйзгаданых інфармацыйных рэсурсаў на тэрыторыі РБ не прадставілася магчымым. У ходзе правядзення праверкі праблем з доступам з унутранай сеткі РБ да ўказаных Вамі рэсурсаў не зафіксавана».
МУС прапануе адрасаваць пытанні наконт блакавання і яго прычын Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі Мінсувязі і інфарматызацыі (РУП «БелДІЭ»).
«У сувязі з тым, што ў дадзеных падзеях адсутнічае грамадская небяспека, а таксама склад адміністратыўнага правапарушэння альбо крымінальнага злачынства, праверка па Вашым звароце спынена», — піша ўпраўленне «К».
Нагадаем, што 22 снежня ГА «БАЖ» накіравала ў Генеральную пракуратуру РБ, а таксама ва Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне «К») і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце афіцыйныя лісты. Арганізацыя заклікала гэтыя ведамствы правесці праверку незаконнага блакавання шэрагу сайтаў напрыканцы снежня (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.) высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.
Генпракуратура адпісалася яшчэ ў сярэдзіне студзеня.
Ведамства запэўніла, што «не ініцыявала пытанняў, звязаных з абмежаваннем доступу да ўказаных у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў» і «інфармацыяй пра прыняцце дзяржаўнымі органамі ўказаных рашэнняў не валодае».
Таксама пракуратура накіравала зварот ГА «БАЖ» «для разгляду па сутнасці» ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Читайте еще
Избранное