Цыганкоў: У «бітве за Бабіча» Лукашэнка перамог. Але што ён за гэта паабяцаў Пуціну?
У ацэнцы магчымага адкліканьня Міхаіла Бабіча з пасады амбасадара Расеі ў Беларусі хацелася б пазьбегнуць празьмернага неабгрунтаванага аптымізму, піша Віталь Цыганкоў блогу на Радыё Свабода.
Вядома, беларуская прапаганда прадставіць адстаўку Бабіча як безумоўную перамогу афіцыйнага Менску. Маўляў, чалавек, які выйшаў за рамкі дыпляматычнасьці і, як было сказана ў заяве прадстаўніка беларускага МЗС, «не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай» — цяпер ганебна адасланы назад, у Маскву, што паслужыць урокам на будучыню для іншых.
Не выклікае сумневу і рэакцыя шавіністычных колаў у Расеі, якія дратуе сама наяўнасьць беларускай дзяржаўнасьці. Усе апошнія тыдні расейскія тэлеграм-каналы такой накіраванасьці ажыўлена апісвалі бітву за Бабіча, прадстаўляючы яе як барацьбу «патрыятычных сілаў» супраць «прабеларускага лобі» ў Маскве. «Адкліканьне Бабіча будзе азначаць поўную паразу Пуціна ва ўнутрырасейскай барацьбе і поўную паразу Расеі на беларускім кірунку» — пісаў незадоўга да зьяўленьня навіны пра адкліканьне тэлеграм-канал «Бульба престолов», які лічыцца блізкім да шавіністычнага сайту Regnum.
Пра «перамогу» Менску кажа і кандыдатура новага амбасадара, сэнатара Дзьмітрыя Мезенцава, які дагэтуль быў генэральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і губэрнатарам Іркуцкай вобласьці. Як відаць з расейскіх крыніц, Мезенцаў — гэта як бы Сурыкаў-2 (Сурыкаў быў да Бабіча амбасадарам Расеі ў Беларусі). Мяккі, неканфліктны, чыноўнік без залішніх палітычных амбіцыяў — поўная процілегласьць Бабічу. Можна чакаць, што з заменай амбасадара, як і спадзяецца Менск, сапраўды сур’ёзныя пытаньні з Масквой зноў будуць вырашацца не на ўзроўні фігуры амбасадара (што ўспрымалася Менскам як прыніжэньне), а на ўзроўні значна больш вышэйшым — кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.
Чаму Крэмль пагадзіўся пайсьці насустрач Лукашэнку? Крэмль, які апошнія гады ня робіць нічога, што можа ўспрымацца як саступка, учыненая пад ціскам — нават у адносінах з Захадам? Чаму Пуцін, які клапоціцца пра свой «круты» імідж, раптам «саступіў» Лукашэнку бязь нейкай важнай на тое прычыны? Так не бывае. Хутчэй, «саступка» зробленая ў адказ на штосьці, у якасьці авансу за нейкія наступныя патрэбныя Маскве крокі, рашэньні.
Той жа «Коммерсантъ» піша, што падчас апошняй нядоўгай сустрэчы ў Пэкіне Лукашэнка запэўніў Пуціна, што гатовы пачаць рэальную інтэграцыю ў абмен на адкліканьне Бабіча. Пуцін пагадзіўся і даў Лукашэнку год, паабяцаўшы ня ўмешвацца ў гэты час ва ўнутраныя беларускія справы.
То бок, калі верыць гэтай інфармацыі (а яна выглядае даволі лягічна і заканамерна), беларускі кіраўнік вытаргаваў ня толькі адкліканьне Бабіча, але і спакойнае, без умяшаньня Масквы, правядзеньне ўласных перавыбараў. Такі крок Лукашэнкі выглядае даволі знаёмым і нярэдкім у ягонай палітычнай практыцы — паабяцаць, забясьпечыць сабе яшчэ трошкі спакойнага і спрыяльнага часу (дзень прастаяць, ноч пратрымацца). А далей — паглядзім, «ці ішак памрэ, ці падзішах» — усё можа зьмяніцца, і, маўляў, свае абяцаньні можна будзе і не выконваць.
Рызыкоўная гульня, трэба сказаць. Але цалкам у стылі Аляксандра Лукашэнкі.
Читайте еще
Избранное