Экономика
Максім Ярмак, Еўрарадыё

У Беларусі заканадаўча будзе ўведзеная сацыяльная няроўнасць?

Праект бюджэту на 2009 год і законапраект аб змене падатковага заканадаўства, прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў, прадугледжвае пераход да адзінай стаўкі падаходнага падатку — 12% (цяпер падатак вагаецца ад 9 да 30%). Праўда, гэта не датычыць прадпрымальнікаў, для якіх падатак складзе 15%. Эксперты мяркуюць, што закон уводзіць сацыяльную няроўнасць для розных слаёў насельніцтва, а прадпрымальнікі кажуць пра дыскрымінацыю.

Аднак спачатку пра пазітыўныя моманты. Новаўвядзенне мусіць спрасціць падаткаабкладанне, скараціць штат супрацоўнікаў аддзела падатковай інспекцыі па працы з фізічнымі асобамі. Паводле словаў эканаміста Леаніда Злотнікава, пераход на адзіную стаўку падаходнага падатку можа павялічыць прыбыткі, якія паступаюць у бюджэт. Пра гэта сведчыць і прыклад Расіі, дзе раней была ўведзеная плоская стаўка ў памеры 13%.

Леанід Злотнікаў: "Можа быць і сапраўды некаторыя даходы выйдуць з цені. Бо, вядома, што тыя людзі, якія шмат зарабляюць у бізнэс-структурах, яны не заўсёды гэтыя даходы паказваюць, падаткі не плацяць і г. д.".

Кіраўнік грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка кажа, што новаўвядзенне яго не здзіўляе. Ён называе гэтыя планы ўраду "дыскрымінацыяй прадпрымальнікаў".

Анатоль Шумчанка: "Дзяржава сёння не разумее ролі і сутнасці самога панятку "прадпрымальнік". Яна бачыць у прадпрымальніках "дойную карову", ад якой хоча малака ў выглядзе грашовых сродкаў".

Шумчанку падтрымлівае і эканаміст Леанід Злотнікаў, які прагназуе з'яўленне ў беларусаў сацыяльнай няроўнасці:

"Атрымлівае чыноўнік мільён, ён плаціць 120 тысяч, а калі такі ж даход у прадпрымальніка, ён мусіць плаціць 150 тысяч. Гэтыя людзі становяцца няроўнымі перад законам. Закон уводзіць сацыяльную няроўнасць для розных слаёў насельніцтва. Гэта вельмі дзіўна".

Аднак дзяржаўная прапаганда знойдзе сродкі, каб падаць сітуацыю ў іншым святле. Шумчанка перакананы, што тут і будуць скарыстаныя ўжо правераныя метады і штампы.

Анатоль Шумчанка: "Дзяржава таксама не дурная, і ёй будзе лёгка патлумачыць простым людзям, чаму ім 12%, а прадпрымальнікам — 15%. І патлумачаць яны такім чынам, што прадпрымальнікі ж багатыя, яны заплацяць. І самае цікавае, што народ гэта праглыне і пагодзіцца з гэтым. А тое, што гэта такія ж людзі, і яны жывуць у гэтай краіне, і мусяць карыстацца такімі ж правамі, нікога не хвалюе".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)