Политика
Уладзімер Глод, Радыё Свабода

У Беларусі прэм’ер-міністр Літвы сустрэўся з чыноўнікамі, апазыцыяй і наведаў чэрвеньскія Курапаты

Да неадкладных крокаў дзеля ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі і Літвы заклікаў у панядзелак Аляксандар Лукашэнка.

Адпаведную заяву ён зрабіў у гутарцы з прэм’ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам. Кіраўнік ураду суседняй краіны 28 чэрвеня знаходзіўся з аднадзённым візытам у Беларусі на запрашэньне свайго калегі Сяргея Сідорскага.

«Каб замацаваць сувэрэнітэт, незалежнасьць і магутнасьць нашых дзяржаў, нам неабходна неадкладна зрабіць шэраг крокаў дзеля замацаваньня гэтай незалежнасьці», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы Андруса Кубілюса: «У нас падобныя праблемы сёньня. І паколькі яны падобныя, то існуюць і падобныя кірункі іх вырашэньня. І я хачу, каб вы ведалі, што мы гатовыя да вырашэньня гэтых праблем».

І Аляксандар Лукашэнка, і Андрус Кубілюс найперш гаварылі пра небясьпечнасьць залежнасьці ад аднаго пастаўшчыка энэргарэсурсаў. Так, літоўскі прэм’ер адзначыў: «Мы можам і ўмацоўваць незалежнасьць, і мець агульныя стратэгічныя праекты. У іх ажыцьцяўленьні быў бы зацікаўлены і Эўрапейскі Зьвяз. І ў гэтым пляне „Ўсходняе партнэрства“ Эўразьвязу, у якім удзельнічае і Беларусь, я думаю, стварае добрыя магчымасьці, якія патрэбна эфэктыўна выкарыстоўваць».

Найцікавейшы праект, на думку экспэртаў, — будаўніцтва тэрміналу для развадкаваньня газу ў порце Клайпеда. Невыпадкова на ім акцэнтаваў сёньня ўвагу Сяргей Сідорскі: «Нам цікавы гэты праект менавіта зь літоўскімі калегамі. Таму што літоўскі ўрад прапрацоўвае такі ж самы праект. І мы можам аб’яднаць фінансавыя высілкі, каб у порце Клайпеда пабудаваць завод па развадкаваньні газу і дастаўцы газатранспартнай сыстэмай празь Літву. Гэта кароткі шлях — 285 кілямэтраў магістральнай трубы. Гэта невялікія выдаткі».

Інжынэр Аляксандар Мех 14 гадоў працаваў у сыстэме «Белтрансгазу». Ён кажа, што такі праект патрабуе шмат грошай: «Калі гэта сур’ёзна, то для пабудовы такога тэрміналу спатрэбіцца прыкладна 400-500 мільёнаў даляраў».

Інжынэр Мех кажа: некаторыя краіны Эўропы ўжо спрабуюць атрымліваць звадкаваны газ з Катару. Менавіта ён можа стаць альтэрнатывай расейскім энэрганосьбітам. Гэта новыя тэхналёгіі. Аднак для Беларусі такі газ будзе каштаваць даражэй, чым расейскі:

-- У нашых умовах, зыходзячы з таго, дзе мы знаходзімся і што праз нашу тэрыторыю пралягаюць газаправоды, газ расейскі будзе таньнейшы.

-- І на колькі працэнтаў?

-- Калі будуць рынкавыя кошты на адзін і на другі газ, і ўлічваючы дастаўку, звадкаванасьць, то, я мяркую, працэнтаў на 20-25.

Кіраўнік літоўскага ўраду сустракаўся таксама з апазыцыйнымі і грамадзкімі дзеячамі Беларусі. Сярод іх былі, у прыватнасьці, Жана Літвіна, Анатоль Лябедзька, Сяргей Мацкевіч, Аляксандар Мілінкевіч.

Анатоль Лябедзька так распавёў «Свабодзе» пра гэтую сустрэчу: «Кубілюс спазьніўся і папрасіў прабачэньня, бо ад Лукашэнкі цяжка адарвацца. Прэм’ер расказаў, што ў размове былі тры блёкі. Першы — пра правы чалавека, другі — пра энэрганосьбіты, трэці — пра літоўскія інвэстыцыі.

А правы чалавека — гэта і свабода мэдыяў, і падрыхтоўка да выбараў. І гэта Кубілюс характарызаваў як эмацыйную гутарку. Ён сказаў, што да крытыкі трэба ставіцца спакойна. І Літву ў свой час крытыкавалі, калі яна імкнулася ўвайсьці ў Эўразьвяз. Перад ёй ставілі пытаньні, і яны вырашаліся празь нейкі прамежак часу шляхам практычных крокаў. А тут беларускі ўладар, даў зразумець Андрус Кубілюс, вельмі эмацыйна рэагаваў на гэту праблематыку».

Перад вяртаньнем на радзіму літоўскі прэм’ер наведаў Чэрвень, ля якога ў 1941 годзе сталінскімі НКВДзістамі былі расстраляныя літоўскія грамадзяне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)