У Беларусі прайшлі акцыі пратэсту супраць адмены льготаў

Акцыи пратэсту прайшлі ў Мінску, Гомелі, Брэсце, Магілёве і іншых гарадах Беларусі. Так, у сталіцы каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі “народныя дэпутаты” забралі ільготныя талоны ў студэнтаў.

Талоны ў студэнтаў прымалі двое ўдзельнікаў акцыі з шыльдамі “Народны дэпутат”. Узамен яны выдавалі моладзі маскі з вушамі зайцоў, моркву і капусту. Хлопцы і дзяўчаты начаплялі маскі і грызлі гародніну. Пасля яны вадзілі карагоды вакол елкі, усталяванай каля бібліятэкі.

У Магілёве, на пляцоўцы перад будынкам гарадскога цэнтра культуры і адпачынку, прайшоў пікет супраць адмены ільготаў. У пікеце ў Магілёве ўзялі ўдзел 10 чалавек, якія разгарнулі плакаты з надпісамі: "Не пазбаўляйце школьнікаў ільготаў", "Ветэраны вартыя лепшага жыцця", "Эканомія на бедных і рост коштаў — ганьба ўладзе". Пікет праходзіў з 14 да 15 гадзін. Падтрымаць пікетчыкаў прыйшлі тры дзесяткі грамадскіх актывістаў — у асноўным, пажылыя грамадзяне. Яны трымаліся ўбаку ад удзельнікаў акцыі і раздавалі прахожым газету "Товарищ".

У Гомелі, на пляцоўцы каля Дома культуры глухіх "Віпра", прайшоў мітынг супраць адмены ільготаў. Мерапрыемства было несанкцыянаваным — гарадскія ўлады адмовілі заяўнікам у яго правядзенні. На мітынгу прысутнічалі прыкладна 100 чалавек, большасць якіх пенсіянеры. Пенсіянеры абмеркавалі праблему адмены ільготаў, нізкіх пенсій і зарплат, а таксама задалі хвалюючыя іх пытанні прысутным на мітынгу супрацоўнікам міліцыі і спецслужбаў. Людзі чакалі з'яўлення арганізатараў, але апрача пенсіянераў, міліцыянераў і некалькіх студэнтаў да ДК глухіх ніхто не прыйшоў, таму праз 45 хвілін прысутныя разышліся.

Прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сіл Брэста маюць намер абскардзіць адмаўленні гарвыканкама ў правядзенні 16 снежня на стадыёне "Лакаматыў" пікетаў супраць адмены сацыяльных ільготаў. Свае адмаўленні прадстаўнікі ўлады матывавалі тым, што дадзены аб'ект прадастаўлены спартыўнаму клубу "Вікторыя-86" для правядзення ў снежні 2007 года турніраў па футболе. Паводле слоў І.Маслоўскага, падставай для скаргі будзе дакументальна зафіксаваная на фота і відэа сітуацыя на стадыёне "Лакаматыў" 16 снежня ў тыя гадзіны, калі планаваліся акцыі пратэсту.

Нагадаем, што закон аб адмене ільготы для многіх катэгорый грамадзян уступае ў сілу 17 снежня. Акцыі пратэсту ў сувязі з гэтым планаваліся 16 снежня ва ўсіх абласцях Беларусі, аднак з 800 заявак на правядзенне сацыяльных пікетаў улады задаволілі толькі дзве — у Магілёве і Оршы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)