Гэтая логіка прымітыўная, нават даіндустрыяльная: той, хто з рыдлёўкай капаецца ці пад зямлёй соль або вугаль цягае — яны працуюць, і іхні ўнёсак можна ацаніць.
«У Беларусі навука заганяецца ў фармат «шарашкі» — як у сталінскі перыяд»
Эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін — пра тое, ці дачакаюцца беларускія ўлады прарываў ад айчыннай навукі.
Беларускі правіцель зноў раскрытыкаваў стан айчыннай навукі. На сустрэчы Лукашэнкі з працоўнай групай, якая аналізавала дзейнасць Акадэміі навук, прагучала, што ў краіне крытычна мала прарыўных дасягненняў і вынаходніцтва чагосьці новага.
— Няма манетызацыі распрацовак і даследаванняў Акадэміі навук. А гэта галоўны крытэр ацэнкі эфектыўнасці, — заявіў Лукашэнка.
Вядома, НАН не робяць гонару гісторыі з айчынным электрамабілем, які «вынаходзяць» шмат гадоў, альбо з «касмічным кефірам». Аднак усё ж няёмка бачыць, як навукоўцаў зводзяць да ролі абслугоўваючага персаналу: калі вынікаў для рэальнага сектару эканомікі няма, то і карысці ад іх працы нібыта няма.
— Рэч у тым, што асноўны профіль Акадэміі навук — фундаментальная навука, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін. — Безумоўна, прыкладны складнік у яе структуры таксама ёсць, але галоўнае дасягненне ўсё ж у тым, што ў Акадэміі навук шмат даследчыкаў, якія прыносяць высокія індэксы цытуемасці, робяць беларускіх вучоных бачнымі ў свеце.
— З пачатку 2000-х Лукашэнка прыходзіць у Акадэмію навук і кажа: я кладу на стол грошы, а вы мне — вынікі, прычым такія, якія мы прададзім і атрымаем яшчэ больш грошай, — гэта ягоны прагматычны і даволі паслядоўны падыход. І з аднаго боку, гэтае пытанне адпавядае камерцыялізацыі навукі.
Але ў развітых краінах яна адбываецца за кошт таго, што рынак сам робіць запыты на інавацыі — а ў вучоных, якія адгукаюцца на гэты запыт, ёсць адпаведная матывацыя. Калі вы робіце адкрыццё, рэгіструеце патэнт, усім у выніку выгадна: і тым, хто робіць вынаходніцтва, і тым, хто яго атрымоўвае.
У Беларусі ж галоўным аператарам усяго працэсу з’яўляецца дзяржава. Але па факце большую частку прыкладных практыкаарыентаваных даследаванняў робяць невялікія і недзяржаўныя арганізацыі за свае грошы.
Андрэй Лаўрухін прыводзіць красамоўныя лічбы са статыстычнага зборніка «Навука і інавацыі»: толькі 4% навуковых распрацовак прыносіць дзяржсектар, 20% — сектар вышэйшай адукацыі, а найбольшы ўнёсак у 76% робяць камерцыйныя арганізацыі. То бок, Акадэмія навук — дакладна не профільны інстытут у гэтым сэнсе. Але ў оптыцы правіцеля ўсе вучоныя сядзяць там, то яны і мусяць справаздачыцца і даваць эканамічны эфект.
Пры гэтым дзяржава, дадае эксперт, як выдаткоўвала на беларускую навуку 0,58% ад ВУП, так і не павялічвае аб’ём гэтых укладанняў. Хоць у Еўропе ўнёсак меншы за 1% ВУП лічыцца ўжо крытычна недастатковым і вымагае экстраардынарных захадаў.
— Дарэчы, пра матывацыю. Лукашэнку прапанавалі падвысіць заробкі прафесараў, дактароў навук да ўзроўню шахцёраў. Ён даволі рэзка адрэагаваў, што шахцёр «накапаў і ўгару падняў», а вучоным незразумела, за што плаціць. Ці гэта наогул рэчы параўнальныя?
— Гэта адлюстроўвае ягоны светапогляд: ён не разумее, што такое навука і адукацыя. Тое, што можна памацаць рукамі, фізічную працу — гэта ён разумее. А ўсё астатняе… Вось пасядзеў ІТ-шнік, паглядзеў у манітор, зрабіў праграмку і атрымаў тысячы еўра ў месяц — за што??
А тое, што гэты вугаль ці соль прыносяць значна менш у развіццё эканомікі і грамадства, гэта для Лукашэнкі незразумела. Бо ён бачыць свет прымітыўна і спрабуе памераць даіндустрыяльнымі меркамі, з пралетарскай логікай постіндустрыяльнае грамадства.
— З такім падыходам і ў сённяшніх варунках «прарывы» і «манетызацыя» навукі, якой патрабуюць беларускія ўлады, наогул магчымыя?
— Цяпер паціху ўся навука заганяецца ў фармат «шарашкі» — як у сталінскі перыяд, калі вучоных з турмаў заганялі ў НДІ і канструктарскія бюро турэмнага тыпу пад кіраўніцтвам НКУС. Так было, напрыклад, з акадэмікам Каралёвым, якому спачатку сківіцы ламалі, а потым сказалі: а, так ты можаш прыдумаць нешта — так прыдумай нам, і ён пачаў развіваць аэракасмічную сферу ў «шарашкінай канторы».
Зразумела, у Беларусі гэта адбываецца не ў такіх жорсткіх пакуль што умовах — але ў гэтым кірунку. Людзі працуюць у большай ступені пад жахам, бо грошы невялікія: калі паглядзець на заробкі ў Акадэміі навук, яны вартыя смеху і жалю. Нездарма колькасць даследчыкаў істотна зменшылася ва ўсіх натуральных навуках, у тэхнічных — паўсюль, акрамя гуманітарных і сельскагаспадарчых.
І ідуць у навуку альбо тыя, хто нічым іншым займацца не можа, альбо тыя, для каго гэта насамрэч пакліканне — як рэлігійныя людзі, яны служаць ісціне, а не залатому цяльцу. Такія людзі, ды яшчэ пад запалохваннем, могуць, як і Каралёў, чагосьці дасягнуць і выдаць пэўныя навуковыя распрацоўкі.
Тут альбо-альбо: альбо вучоныя працуюць пад дулам пісталета, альбо стварайце для іх нармальную структуру матывацыі. І гаворка не выключна пра грошы.
Патрэбны інтэрнацыянальны кантакт, падвышэнне статусу вучонага, калі той бачыць, што ён паважаны ў грамадстве, што фінансавае забеспячэнне дае яму магчымасць жыць, вандраваць па свеце, камунікаваць з міжнароднай навуковай супольнасцю. Усяго гэтага, зразумела, Беларусь сёння даць не можа.
І хоць такога жорсткага абыходжання з вучонымі, як было пры Сталіне, беларускі рэжым сёння не выкарыстоўвае, але і нармальных умоў для працы, як у свабодных краінах, не дае. А навука і свабода — вельмі звязаныя рэчы, адно без другога не можа быць.
У нас жа няма ні свабоды, ні грошай, а ёсць атмасфера страху і данасіцельства, якая атручвае навуковую галіну. І паколькі рэжым Лукашэнкі апынуўся ў шэрай зоне, ён і атрымоўвае ні тое ні сёе: імітацыю навуковай дзейнасці. Улада імітуе фінансаванне і зацікаўленасць у выніках, а вучоныя імітуюць даследаванні. Вось такая гульня ў імітацыю навукі і інавацый.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное