Общество

Кацярына Батлейка

«У Беларусі і так страшна жыць, а калі ты яшчэ ўжываеш беларускую мову, то адчуваеш дадатковую рызыку»

Як жыве і працуе беларускамоўная дзяўчына ў Мінску.

Аліне (імя зменена) 22 гады, тры гады таму яна цалкам перайшла з рускай на беларускую мову. Цяпер дзяўчына працуе прадаўцом-кансультантам ў адной са сталічных крамаў, дзе быць незаўважанай, як яна кажа, немагчыма. Аліна распавяла «Салідарнасці», як гэта — быць беларускамоўным спецыялістам у Беларусі.

Цалкам Аліна перайшла на беларускую мову ў 2019 годзе, хаця больш яе ўжываць стала ў 2017-м.

— У дзяцінстве ў мяне было разуменне, што беларуская мова ёсць толькі на ўроках беларускай мовы ў школе, а навошта яе вывучаць, не ведала. У падлеткавым узросце я пачала вучыцца граць на гітары, хутка даведалася пра спявачку Рэспубліка Паліна, у якой былі песні на беларускай мове. Я падумала: ваў, гэта так прыгожа гучыць. Тады я адчула ўсю прыгажосць нашай мовы, і ў мяне з’явілася да яе зацікаўленасць.

У 17 год я патрапіла ў адно месца (дзеля бяспекі мы не раскрываем яго назвы — С.), дзе мае аднагодкі размаўлялі выключна на беларускай. Я была ў шоку, што ёсць такія маладыя людзі. Пачала цікавіцца гісторыяй Беларусі, нашай літаратурай, музыкай — і ўсё гэта пацягнула за сабой. Я зразумела, што наша мова вельмі прыгожая, але было вельмі шкада, што на ёй мала хто размаўляе.

Мне стала страшна за яе існаванне і я падумала: што я магу зрабіць, каб беларуская мова працягвала існаваць? Самае маленькае і самае вялікае — ужываць яе ў паўсядзённым жыцці.

Але Аліна прызнаецца, што гэта быў даволі доўгі працэс: проста захацець і перайсці ў яе выпадку было немагчыма. Спачатку дзяўчына размаўляла на беларускай з сябрамі, валанцёрыла на розных беларускамоўных імпрэзах — наогул, фарміравала беларускамоўнае асяроддзе. І толькі потым пачала ўжываць беларускую ў сям’і і на працы.

Ужо больш за год суразмоўніца «Салідарнасці» працуе прадаўцом-кансультантам у адной з мінскіх крам:

— Шчыра кажучы, я ўжо стамілася ад сітуацый, калі кліенты просяць перайсці на рускую мову. Калі пытаю, ці не разумее чалавек беларускую і ён адказвае «так, не разумею», кажу, што мая задача — дапамагчы яму, таму я буду карыстацца больш простай мовай, але ўсё адно беларускай. Калі ёсць нейкая негатыўная сітуацыя, я проста пераключаю на рускамоўнага спецыяліста.

Кожны дзень я атрымліваю шмат рэакцый на тое, што размаўляю на беларускай. Большасць з іх — станоўчыя. Людзі кажуць: «Дзякуй вам за беларускую мову», ці «Ваў, вы размаўляеце па-беларуску». Спачатку гэта прыемна, адчуваеш, што робіш важную справу. Але з часам гэта пачынае раз’юшваць: я ведаю, што ў людзей гэта натуральна, але ад гэтага вельмі стамляешся, бо такая сітуацыя ў краіне.

Самая крутая рэакцыя для Аліны — нейтральная: калі чалавек чуе беларускую мову і або пераходзіць сам на яе ж, або працягвае гаварыць на рускай, не даючы ніякіх каментароў пра яе беларускую. Але час ад часу даводзіцца сутыкацца і з негатывам.

— Калі такое адбываецца, размову з кліентамі працягваюць мае калегі. У асноўным гэта нешта накшталт: «Я размаўляю з вамі на рускай, чаму вы са мной — па-беларуску?» ці «Я ваш кліент, размаўляйце са мной на рускай мове». Могуць гучаць нейкія непрыемныя словы.

Была ў мяне яшчэ такая дзіўная сітуацыя: трэба было пацвердзіць замову, я тэлефаную жанчыне з вёскі. Цягам размовы яна пытае: «О, а вы размаўляеце па-беларуску?», а следам: «Гэта так класна, а вы ж за нашага прэзідэнта, так?». Я адказала, што на працы не размаўляю на палічныя тэмы, на што яна сказала, што ўсё ж такі я супраць, а жаль, бо ён жа такі харошы.

Нават у 2019-м, калі суразмоўніца «Салiдарнасцi» перайшла цалкам на беларускую мову, яна адчувала небяспеку. Але пасля 2020 года гэта адчуванне павялічылася:

— Я заўсёды адчуваю ўвагу, якая можа прывесці не да дабра. Калі раней я ехала на маршрутцы, магла сказаць: «Спыніце мне на прыпынку», а апошнія часы мне проста страшна казаць гэта на беларускай, бо я не ведаю, хто са мной едзе. Тое ж самае на працы: ніколі не ведаеш, які кліент да цябе трапіць і куды ён можа паведаміць, што тут працуе беларускамоўны чалавек.

Нават калі я іду па вуліцы, і мой сябра гучна размаўляе на беларускай, мне няёмка і страшна. Тут і так страшна жыць, а калі ты яшчэ хочаш, каб твая мова развівалася і ўжываеш яе — то адчуваеш дадатковую рызыку.

На пытанне, чаму паводле нядаўняга сацыялагічнага апытання толькі 16% беларусаў лічаць, што адзінай дзяржаўнай мовай у краіне павінна быць беларуская, Аліна адказвае: мабыць, і не дзіўна, што такі адсотак, бо ёсць страх.

— Рускамоўныя людзі, верагодна, думаюць, што павінны будуць гвалтоўна перайсці на беларускую. Але ж гэта не так. Тут справа ў тым, што справаздачнасць і дакументы ў краіне будуць на беларускай мове, і калі гэта пачнецца на дзяржаўным узроўні, потым можа перайсці і на нацыянальны. Але ніхто не павінен увогуле пераходзіць на беларускую мову цалкам.

Мне здаецца, сярод людзей ёсць шмат неразумення, што будзе, калі дзяржаўная мова будзе адна — беларуская. Было б класна, каб распавядалі, як выглядае такі пераход, каб гэта не ўспрымалася, як нешта гвалтоўнае.

Таксама важна паказваць, якія наступствы могуць чакаць, калі такога пераходу не будзе. І наадварот, як добра гэта можа паўплываць на Беларусь.

Але тут я б падкрэсліла: па сваіх уласных назіраннях заўважыла, што стала чуць больш беларускай мовы ў Мінску. Нават зараз сярод кліентаў можа быць 10 чалавек на месяц беларускамоўных.

Дзяўчына таксама распавядае, што да яе ў краму часта прыходзяць расіяне, і калі яны просяць перайсці Аліну на рускую мову, яна кліча рускамоўнага прадаўца.

— Асабліва іх стала шмат пасля таго, як аб’явілі мабілізацыю ў Расіі. Нядаўна да нас таксама прыходзілі расійскія ваенныя з пазнакамі Z на рукаве. Мы абмяркоўвалі з калегамі, што рабіць у такіх сітуацыях, бо калі ім адмовіць, могуць быць праблемы і ў цябе, і ў крамы.

Мы вырашылі, што часам можна неяк «зліваца», сказаць, што ў нас такога тавару няма. У такой сітуацыі я адчуваю сябе так: разумею, што не прадаю зброю і што мая мэта як прадавачкі — дапамагчы кліенту, але у гэтым выпадку маральна складана быць добрым прадаўцом, таму я або шукаю выйсце, каб «зліцца», або абслугоўваю з мінімальнай кансультацыяй і размовай.

Напрыканцы гутаркі Аліна дзеліцца сваімі перажываннямі аб жыцці ў Беларусі ў апошні час і планамі.

— Тут страшна кожны дзень. Як бы жудасна не гучала, але ўвечары думаеш, што гэта быў яшчэ адзін дзень на волі. Але я стараюся рабіць тое, што мне важна: рэалізую свой музычны праект і ўвогуле займаюся музыкай. Стараюся развівацца і дапамагаць людзям.

Я чакаю, калі ў мяне скончыцца размеркаванне. Потым планую паехаць кудысьці на валанцёрства ці на вучобу, каб перастаць адчуваць небяспеку і крышачку паслабіцца.

Відавочна, пакуль я ў Беларусі, думаю, што абавязкова вярнуся. Было б добра набрацца досведу ў важных для сябе рэчах. Напрыклад, мне цікавая музыкатэрапія. У нас такому не вучаць, але я хацела б даведацца пра гэта і прывезці сюды, каб дапамагаць беларусам у Беларусі.