У Беларусі даражэюць паслугі мабільнай сувязі

Ад сёньня ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі павялічваюцца стаўкі мясцовых падаткаў на паслугі сувязі і продаж мабільных тэлефонаў. Зьмены адбудуцца ў Менску, а таксама Гомельскай і Магілёўскай абласьцях. Стаўка падатку цяпер тут складзе 10% (раней 5-7%). Акрамя таго, падатак на продаж тэлефонных апаратаў у Менску і Менскай вобласьці падвышаецца зь 5 да 15%.

Кошты на паслугі сувязі і тэлефонныя апараты павялічваюць усе без выключэньня апэратары мабільнай сувязі, якія працуюць у Беларусі. Напярэдадні пра гэта паведаміла кампанія “VELKOM”, але пракамэнтаваць абвестку ў кіраўніцтве адмовіліся. Цяпер у фірмовых крамах мяняюць таблічкі з цэнамі каля тэлефонных апаратаў. Але колькі будзе выдаткоўваць кожны новы і ранейшы карыстальнік паслугаў — не паведамляюць таксама і ў кампаніі “МТС”. Гаворыць прадстаўнік прэсавай службы Дзьмітрый Станюта.

Станюта: “Мы тут спрабавалі камэнтаваць такое пытаньне, як падвышэньне ставак падаткаў. Але з гэтага нічога добрага ня выйшла, бо нас сказілі і падалі інфармацыю зусім ня так, як мы гаварылі. Таму менавіта наконт гэтага — выбачайце”.

Сёньня карыстальнікамі мабільных тэлефонаў у Беларусі зарэгістравана каля 6 мільёнаў абанэнтаў. Падвышэньне падатку ўдвая азначае прыкметны прыбытак у мясцовыя бюджэты і новыя выдаткі для карыстальнікаў, — гэтак пракамэнтаваў новаўводзіны старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа.

Патупа: “Усялякі падатак, які падае на нейкае прадпрыемства, далей пераадрасуецца на канкрэтнага кліента. Тут ёсьць эканамічны складнік, як магчымасьць збору дадатковых сродкаў падатковымі інстанцыямі. А таксама псыхалягічны, бо лічыцца, што паслугамі мабільнай сувязі карыстаюцца людзі нябедныя, і нічога зь імі ня здарыцца. У многіх краінах кошт паслугаў мабільнай сувязі таньнейшы за карыстаньне стацыянарнымі тэлефонамі. Ну, а ў нас ідзе працэс адваротны і дрэнны для карыстальнікаў мабільнай сувязі”.

Паводле закону аб мясцовым самакіраваньні, мясцовы падатак штогод усталёўваюць абласныя Саветы дэпутатаў. Але на практыцы дэпутаты ніякага рэальнага ўплыву на такія рашэньні ня маюць, — заявіў Радыё Свабода нядаўні дэпутат бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір.

Чыгір: “Усе гэтыя рашэньні спускаюцца з выканкамаў. А паколькі дэпутаты на сёньня ў пераважнай бальшыні прайшлі па сьпісе выканкамаў, то яны будуць галасаваць “за”. Камусьці ў выканкаме ў галаву прыйшла вось такая ідэя, што можна на 5% падвысіць падатак і цягам году атрымаць вось такія даходы ў бюджэт. Рашэньне будзе прынятае і яно будзе выконвацца. Але якім будзе ягоны эканамічны эфэкт? Невялікія шапікі, якія спэцыялізуюцца на продажы мабільных тэлефонаў, магчыма, будуць вымушаныя зачыніцца. Адпаведна падаткі ў бюджэт перастануць паступаць. Людзі застануцца бяз працы, і ім давядзецца выплачваць сацыяльную дапамогу. Словам, эканамічны эфэкт ад такіх крокаў можа быць нулявы ці ўвогуле адмоўным”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)