«У Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў»
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай у сувязі з прызначэньнем выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што ніякія выбары ня могуць лічыцца законнымі і справядлівымі без выкананьня базавых дэмакратычных нормаў, без стварэньня атмасфэры для свабоднага волевыяўленьня, без забесьпячэньня аднолькавых ўмоваў для правядзеньня перадвыбарчае кампаніі для ўсіх кандыдатаў, у тым ліку прадстаўнікоў апазыцыі», — гаворыцца ў заяве.
Рада БНР канстатуе, што на дадзены момант у Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў:
«У інфармацыйным полі дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія выконваюць прапагандысцкія задачы на карысьць аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Незалежныя журналісты, у тым ліку журналісты тэлеканалу „Белсат“, радыё „Рацыя“, рэгіянальных СМІ, знаходзяцца пад безупынным ціскам з боку ўладаў».
У заяве адзначаецца, што за кратамі застаецца некалькі палітычных вязьняў, у тым ліку кандыдат у Прэзыдэнты на «выбарах» 2010 г. Мікалай Статкевіч.
Рада БНР канстатуе, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца недэмакратычнай дзяржавай, дзе адсутнічае інстытуцыяналізаваная палітычная канкурэнцыя, а ўлада манапалізаваная групай людзей на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.
Рада БНР заклікае стварыць у Беларусі перадумовы для правядзеньня паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў і неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязьняў, у прыватнасьці — Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць працягнуць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і рэальных крокаў дзеля дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное