Политика

Арцём Гарбацэвiч, фота Надзеi Бужан, Наша Нiва

У Баранавічах прайшлі апошнія перад каранцінам праймерыз апазіцыі: «Так павінны лічыць заўсёды!»

Як гэта было.

Пасля тузіна гарадоў Віцебшчыны і Палесся апазіцыйныя палітыкі прыехалі з праймерыз у Баранавічы, але ў звужаным складзе, бо Павел Севярынец запанікаваў на фоне каранавіруса і тактыкі ўладаў, а Аляксей Янукевіч праявіў салідарнасць з ім.

Мяркуецца, што пасля галасавання ў Баранавічах праймерыз возьме паўзу па санітарных прычынах, пакуль не сцішыцца каранавірус.

Што трэба ведаць пра Баранавічы? Гэта буйны прамысловы горад, насельніцтва троху недацягвае да 180 тысяч жыхароў.

Асноўныя працадаўцы — дзяржаўныя заводы рознай паспяховасці, таксама чыгунка.

Моладзь, калі не ўдалося ўчапіцца ў сталіцы ці знайсці добрую вахту за мяжой, імкнецца трапіць на 558-мы авіярамонтны завод, бо там можна добра зарабіць у афрыканскіх і азіяцкіх камандзіроўках. Іншая прамысловасць плоціць сяк-так, людзей пакрысе скарачаюць, у гарвыканкаме штодзень рэгіструюць ІП.

Ёсць моцнае недзяржаўнае выданне «Інтэкс-Прэс», якое зарабляе з рэкламы і мясцовых прыватных абвестак.

На праймерыз апазіцыі прыйшло восем дзясяткаў чалавек.

Былі тут розныя людзі, але моладзі бракавала, літаральна пару чалавек — пэўна, арганізатары не аплацілі рэкламу ў інстаграме.

Збіраліся ўсе ў рэстаране «Папараць-кветка». Народ спачатку падыходзіў млява, але на рэгістрацыі ў выніку ўтварылася чарга.

Памятаючы гісторыю, калі ўлада падсылала сваіх клакераў, пацікавіўся ў двух баранавіцкіх фізрукоў, чаго яны прыйшлі. Кажуць, галасаваць будуць за Губарэвіча, але шчыра — яны «знаныя апазіцыянеры».

Кавалькова ў кулуарах прадказвала, што пасля выбараў уладам не будзе чым плаціць заробкі, бо ўжо сёння яны зніжаюцца, а традыцыйныя прадстаўнічыя павышэнні напярэдадні выбараў увогуле большасцю бюджэтнікаў забытыя, думае яна.

«Гэтым праймерыз трэба больш рэкламы, каб мабілізоўваць на праймерыз прыхільнікаў перамен, тады голас уладных бэрээсэмаўцаў згубіцца», — сказала яна. Але не здолела класіфікаваць зняццё Янукевіча і Севярынца — гэта больш рэклама ці антырэклама?

Губарэвіч у кулуарах не хацеў прызнаваць, што засланцы прыходзяць, каб галасаваць за яго: «Калі прыходзіць настаўнік — то яго што, да ідэалагічнай вертыкалі залічваць? Не даваць голасу? Не, так не пойдзе. А Севярынец сваім выхадам толькі паказаў, што не можа скласці канкурэнцыю Лукашэнку», — пераконваў старшыня руху «За свабоду».

Іронія лёсу — на праймерыз, як і ў іншых гарадах, прыйшоў работнік выканкама. Толькі ў Баранавічах гэта апазіцыянер — Мікалай Чарнавус-малодшы. Яго ўзялі ў гарвыканкам працаваць у аддзел адукацыі і спорту, спецыялістам па закупках. Чарнавус смяецца, што так ён «пад наглядам». Кажа, што заробкі ў выканкаме невялікія — ён атрымлівае 500 рублёў, але заўсёды пад прыцэлам кантралёраў.

«Сям'ю карміць цяжка, але якая работа знайшлася, на тую пайшоў», — уздыхае ён.

Пасля таго, як усе расселіся, вядучы, перакрыкваючы кашаль людзей, канстатаваў: палітычная каманда толькі даведалася са СМІ, што і Партыя БНФ сыходзіць з працэдуры народнага галасавання — прысутныя сустрэлі гэтыя словы моўчкі.

Першым прамову пачаў Казлоў. Пачаў бадзёра, але рыторыка ў яго не пастаўлена, трымаецца на лозунгах: «Лукашэнка — гэта галеча і карупцыя! Ён павінен сысці», — так ён казаў. І прыгадваў, як сам, быўшы міліцыянерам, лавіў ноччу старшыню выбарчай камісіі на ўкідзе.

«Медыцына ў нас у такім стане, што горш, пэўна няма», — казаў ён і працягваў думку, што перад надыходзячай эпідэміяй застаецца спадзявацца толькі на «прафесіяналізм дактароў».

Губарэвіч у сціслай прамове вырашыў падстрахавацца і спытаць, хто за змену ўлады — рукі паднялі не ўсе.

Кавалькова выглядала самай простай з іх па форме, але шчырай.

Пытанні ў людзей былі розныя.

Прадпрымальнік Эдгар цікавіўся, як будуць сябе паводзіць сілавыя структуры, ці згодзяцца яны з выбарам народа, калі на выбарах Лукашэнка прайграе?

Падпсаваў атмасферу палітычны актывіст Рыгор Грык, які пачаў крычаць, што ўсё гэта — клаўнада. Чаму? «Бо я актывіст і гавару з людзьмі, а ўсе людзі кажуць: хто ўдзельнічае ў выбарах — злачынцы. Псуйце бюлетэні!». Яго суцішылі, але ненадоўга.

Нехта Аркадзь Несцярук пытаўся, адкуль пераможца збіраецца ўзяць грошы, каб павысіць заробкі і пенсіі.

Таксама пыталіся пра медыцыну, падаткі, Астравец, сыход кадраў.

Цікавым было пытанне, які лёс ў выпадку перамогі палітыкі прадракаюць цяперашняй уладзе. І тут трэба сказаць, што вуха нават не зачапілася за адказы на яго Казлова і Губарэвіча. А вось Кавалькова натхнёна адказвала: «А што можна зрабіць з тым, хто забіў сваіх апанентаў? Ён павінен несці адказнасць, як і ўсе тыя датычныя да фальсіфікацый і крымінальных злачынстваў!»

На пытанне аб сілавіках і заробках радыкальнасць праявіў ужо Казлоў:

«Пасля прыходу новага прэзідэнта трэба адразу расфарміраваць парламент, сабраць наноў — каб там былі рэальныя прадстаўнікі народу, з іх абярэм урад. Грошы — з самалётаў, палацаў Лукашэнкі. Калі пашкрабсці, то там можна добрыя сумы назбіраць. А дзе тыя ж 100 мільярдаў, якія мы за ўвесь час атрымалі ад Расіі, куды ідуць грошы ад перапродажу нафты? Як аператыўнік я гатовы высветліць гэта і праявіць прынцыповасць», — запэўніваў ён.

«А сілавікі канечне новага прэзідэнта падтрымаюць, калі ўбачаць, што за ім народ. У міліцыі і войску хапае незадаволеных Лукашэнкам», — гаварыў Казлоў.

Губарэвіч жа спрабаваў не выглядаць папулістам — казаў, што не можа абяцаць зніжэння падаткаў толькі для таго, каб паабяцаць.

Што не можа з ходу даць адказ на тое, якая мусіць быць медыцына: «Недзе платная, недзе камбінаваная».

Але ў выніку галасавання перамог ён: 47 галасоў супраць 8 галасоў у Кавальковай і 14 галасоў у Казлова.

Многія галасуючыя нават не сталі чакаць канца падліку, а сышлі, толькі кінуўшы ў скрыню паперку.

Калі там былі клакеры, то шкада, яны не ўбачылі такога падліку галасоў, які мае быць у час дзяржаўных выбараў — кожны бюлетэнь паказаны прысутным, раскладзеныя яны па тэчках.

«Так павінны лічыць заўсёды!» — крыкнуў нехта пасля падліку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.8(11)