У Бабруйску рабочыя распачалі бестэрміновую галадоўку
Працаўнікі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў гэткім чынам пратэстуюць супраць свайго звальненьня.
Адзін з галадоўнікаў, Мікалай Жыбуль, апавёў Радыё Свабода, што акцыя пратэсту распачалася ў Бабруйску а 10 гадзіне, а ейныя ўдзельнікі сабраліся каля будынку Бабруйскага гарвыканкаму ды чакаюць на адказ.
«Сабраліся пакуль чацьвера галадоўнікаў. Яшчэ прыйдуць тыя, хто нам спачувае. Мы прапанавалі мэру сустрэцца, але пакуль адказу няма. Будзем глядзець, што будзе адбывацца. Пакуль галадоўкі спыняць не зьбіраемся. У нас ня чуюць простых людзей, а мы хочам працаваць — гэта нашае канстытуцыйнае права», — заявіў Мікалай Жыбуль.
5 лістапада звольненыя з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларусі абвесьцілі пра тое, што распачынаюць акцыю пратэсту. Прафсаюзьнікі заявілі, што будуць працягваць галадоўку два дні. Аднак папярэдзілі, што калі ніякай рэакцыі ўладаў не дачакаюцца, свой пратэст працягнуць у панядзелак. Актывісты лічаць, што іх звольнілі з бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў незаконна, а сваёй галадоўкай яны намагаліся зьвярнуць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў незалежнага прафсаюзу.
Читайте еще
Избранное