Общество

У арыштаванай па «польскай справе» Анжалікі Борыс у СІЗА абвастрыліся ранейшыя хваробы

Пра стан здароўя зьняволенай старшыні Саюзу палякаў Беларусі паведаміла дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска.

Анжаліка Борыс, архіўнае фота

— У Анжалікі Борыс пагоршыўся стан здароўя, акрамя таго, абвастрыліся ранейшыя сымптомы, зьвязаныя з жаночым захворваньнем. Ёсьць патрэба ў лячэньні зубоў, — расказала Радыё Свабода Агнешка Рамашэўска.

Паводле яе зьвестак, Анжаліка Борыс у выніку пагадзілася выехаць у Польшчу, але ўлады стрымліваюць гэты працэс і спрабуюць такім чынам шантажаваць яе калегу, другога лідэра Саюзу палякаў, журналіста Анджэя Пачобута.

Раней Агнешка Рамашэўска першай паведаміла пра вызваленьне і вываз у Польшчу трох іншых фігурантак «польскай справы» — Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Ганны Панішавай. У траўні іх вызвалілі зь СІЗА і вывезьлі з краіны. Яны хоць і ў Польшчы, але застаюцца абвінавачанымі.

Старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка, яна ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА. Жанчына праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкула 130 КК).

У няволі цяпер застаюцца толькі Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут. У траўні ім таксама прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд за мяжу, але яны адмовіліся. Неўзабаве пасьля гэтага журналіст адчуў пагаршэньне стаўленьня — яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».

У СІЗА ён захварэў на каранавірус.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(21)