Общество

«У Амэрыцы проста: табе нешта трэба, і ты пра гэта кажаш. А тут людзі ня кажуць, што ім трэба»

31-гадовы Аляксей Жадзееў два гады таму пераехаў з Бостана ў Беларусь, дзе нарадзіўся і жыў да 13 год.

У Менску ён цяпер працуе праграмістам. У интэрв’ю Радыё Свабода Аляксей Жадзееў адзначыў, што не разумее, як стасавацца зь мясцовымі людзьмі.

– Па сутнасьці, Беларусь для мяне была новай краінай. Нешта ўзгадвалася, але быццам я гэта бачыў у сьне. Я ж тут ня жыў 16 гадоў. За гэты час бываў тут двойчы, і то на вельмі кароткі тэрмін.

Самым складаным для мяне было прызвычаіцца да стасункаў між людзьмі. Вось у Амэрыцы ўсё проста: табе нешта трэба, і ты пра гэта кажаш. А тут людзі табе ня кажуць, што ім трэба. І даволі складана даведацца, чаго яны ад цябе хочуць. І гэта ня толькі на працы. Паўсюль вельмі шмат падазронасьці, людзі чакаюць падводных камянёў і ня кажуць адразу, што ім трэба. Быццам бы чакаюць, што іх могуць падмануць.

Таксама беларусы вельмі карысьлівыя. Проста так тут не заводзяць стасункаў з новымі людзьмі. Ім нешта трэба ад цябе, тады яны табой цікавяцца.

Яшчэ я заўважаю герархічнасьць у грамадзтве. Вось я хаджу на лацінскія танцы. У Амэрыцы на танцы ходзяць, каб расслабіцца, адпачыць. Тут жа заўжды ёсьць некалькі майстроў, майстэрству якіх зайздросьцяць астатнія. Кожны намагаецца танцаваць як мага лепш, а гэта стварае стрэсавую атмасфэру. Людзям патрэбна прызнаньне.

На жаль, вельмі мала тут проста размоваў дзеля размоваў. На гэта ў людзей бракуе часу. У Штатах — справа справай, але людзям гэта не замінае проста так стасавацца між сабой.

Мяне таксама зьдзіўляе, наколькі няўпэўненыя ў сабе людзі. Яны нават не спрабуюць штосьці зрабіць, але ўжо кажуць, што гэта немагчыма. Яны ня могуць працаваць без начальніка, знаходзяць апраўданьні сваёй пасіўнасьці. У кагосьці гэта палітычны рэжым, у кагосьці — лянота. Але ж калі чалавеку замінае рэжым, хай ён пачне рабіць сваю справу, а потым зарэгіструе фірму на Кіпры. Але ж не. Яны выдумаюць сто прычынаў, чаму гэта нельга зрабіць.

Мяне ўвесь час пытаюць, чаму я вярнуўся. Напачатку многія, у тым ліку мае блізкія, лічылі мяне шпіёнам. Некаторыя дагэтуль так думаюць. Але я ня звык выконваць нечыя загады, каб быць шпіёнам.

Справа ў тым, што пасьля таго, як я страціў бацьку, жывучы ў адзіноце, я ўсьведамляў, што пачынаю губляць сваю ідэнтычнасьць. Жыць самому па сабе было вельмі цяжка, хоць пачуцьцё адзіноты находзіць на мяне і тут. Але, у кожным разе, быць бліжэй да магілы бацькі і бабулі для мяне было ня толькі сэнтымэнтальна, але і лягічна.

І яшчэ ніводнага разу я ня ставіў пад сумнеў свой намер прыехаць у Беларусь. Я прыняў рашэньне, за якое адказваю, і кропка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)