У альбомах Belarus Press Photo такі знайшлі экстрэмізм

«Шальмуюць імя Беларусі ў свеце і падрываюць давер», лiчаць у КДБ.

Пра гэта паведаміла ў сваім акаўнце ў фэйсбуку журналістка Юлія Дарашкевіч.

Нагадаем, што 41 фотаальбом са здымкамі прызёраў мінулагодняга конкурсу «Belarus Press Photo» былі канфіскаваныя 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны лог», на мяжы з Літвой, у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.

У канцы лістапада Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавала Васюковіча, што друкаваная прадукцыя прызнаецца незаконнай і падлягае знішчэнню. Потым было вырашана не знішчаць альбомы, але іх і не вярнулі фатографам, а перадалі ў КДБ.

Цяпер альбомы прайшлі «экспертызу», у якой паўдзельнічалі ідэолагі Гродзенскага аблвыканкама і супрацоўнікі Гродзенскага ўніверсітэта.

У адказе, прысланым Юліі Дарашкевіч, гаворыцца, што ў альбомах утрымліваюцца наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці «ізмышленія» пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі.

Падборка матэрыялаў альбома ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа… змяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады ў боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый.

У адпаведнасці з арт. 1 Закона РБ «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму, дзейнасць грамадзян па здзяйсненні дзеянняў, скіраваных на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці з’яўляецца экстрэмісцкай».

Арганізатараў конкурсу -- Юлію Дарашкевіч і Вадзіма Заміроўскага -- выклікаюць у суд. Ён мае прайсці 17 красавіка ў Ашмянах.