Политика
Руслан Гарбачоў, фото photo.bymedia.net

«Тыя суткі, што я адсядзеў у СІЗО, былі аднымі з лепшых у маім жыцці»

Тры гады таму маладыя беларусы пайшлі на неімаверны для нашага грамадства крок: на хвалі нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу і паставілі там намёты. «Салідарнасць» даведалася, як склаўся лёс некаторых удзельнікаў Плошчы, і што яны думаюць пра тыя падзеі сёння.

Лявон Маліноўскі, студэнт Ягелонскага універсітэта, 24 гады: «Плошча і яе вынікі шмат у чым расчаравалі»

У 2006-м я вучыўся на 3-м курсе філалагічнага факультэта БДУ. Палітычнымі акцыямі ніколі не цікавіўся, але ў выпадку Плошчы спрацавала нейкае унутранае пачуццё абавязку.

Мяне забралі ў першую ж ноч з 20 на 21 сакавіка, калі я павёў праводзіць з плошчы сябра. Мяне, студэнта аддзялення беларускай філалогіі, абвінавацілі ў тым, што я лаяўся матам, і далі 10 сутак. 

Калі вярнуўся ва універсітэт, мне зрабілі вымову, але ўсё ж не адлічылі. Тым не менш, тым летам я вырашыў паехаць вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага. Гэта быў выдатны шанец атрымаць класічную еўрапейскую адукацыю. Цяпер я вучуся ў знакамітым Ягелонскім універсітэце ў Кракаве на аддзяленні класічнай філалогіі.

Калі шчыра, то Плошча і яе вынікі шмат у чым мяне расчаравалі: расчаравалі палітыкі, расчаравалі калегі па праграме. Але наогул я пазітыўна ацэньваю свой удзел у тых сакавіцкіх падзеях. Гэта быў момант, калі я не з газетаў убачыў рэчаіснасць, сапраўдную ўладу і сапраўдную апазіцыю.

Цяпер думаю паехаць далей на захад на далейшае навучанне. Вярнуся ў Беларусь толькі калі атрымаю поўную адукацыю.

Зміцер Панкавец, журналіст, 23 гады: «Гэта была паэзія чыстай красы»

— У сакавіку 2006-га я працаваў па размеркаванні педагогам-арганізатарам у вясковай школе ў Барысаўскім раёне. На Плошчу з-за занятасці на працы трапіў толькі ў самы апошні дзень, 23 сакавіка. У намётавым мястэчку стаялі мая сястра, мае знаёмыя, і мне таксама захацелася спрычыніцца да гэтай падзеі. Атрымалася, прыехаў якраз на тую ноч, калі Плошчу разагналі.

Хоць пратакол на мяне складаў зямляк з Барысаўскага раёна, у выніку мне далі 10 сутак у Жодзінскім СІЗО.

Калі выйшаў на волю, з працай прыйшлося развітацца — гэта пры тым, што працаваў я ў школе па размеркаванні. Дзіўна, але ніякага смутку я тады не адчуваў: запал атрыманы на Плошчы яшчэ дзейнічаў. Мне прапаноўвалі паехаць вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага, але я чалавек даволі цяжкі на пад’ём, таму гэту прапанову не прыняў.

Месяцы праз тры пасля сакавіцкіх падзей я рашыўся папрасіцца на працу ў «Нашу ніву». Рэдактар Андрэй Дынько на кухні доўга адгаворваў мяне ад гэтай задумы, але ўжо праз два тыдні я выйшаў на працу. Так Плошча прывяла мяне ў журналістыку.

Скажу шчыра, я даволі часта ўзгадваю пра падзеі трохгадовай даўніны і спрабую іх асэнсаваць. Тая плошча была паэзіяй чыстай красы, прыгожым і самаахвярным крокам. Разлічваць на ўкраінскі варыянт, дзе падобны чынам змянілі ўладу, па многіх прычынах не прыходзілася. Як ні парадаксальна, тыя суткі, што я адсядзеў у СІЗО, былі аднымі з лепшых у маім жыцці. Як напісаў мой цяперашні шэф у сваім турэмным дзённіку — светлыя дні сярод светлых людзей.

Міхаіл Пашкевіч, палітык, 23 гады: «Многія працягваюць жыць тымі падзеямі»

— Я быў з сябрамі на Плошчы толькі ў першую ноч 20-21 сакавіка, стаяў у ахове Мілінкевіча. Потым з кампаніяй сваіх беспартыйных сяброў па гістфаку БДУ рабіў патрэбную на той момант працу: шукалі арыштаваных, валаклі на Акрэсціна перадачы, збіралі подпісы супраць адлічэння студэнтаў.

Пасля Плошчы я ўсур’ёз зацікавіўся палітыкай і восенню гэтага ж года ва ўзросце 20 год балатаваўся ў мясцовыя Саветы. Адразу пасля выбараў мяне спрабавалі адлічыць з універсітэта, але дамагліся свайго толькі праз паўгады. Я працягваў удзельнічаць у розных акцыях і потым вырашыў рэаніміраваць у Аб’яднанай грамадзянскай партыі моладзевую структуру. Цяпер вось з’яўляюся старшынёй моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты».

Яшчэ адзін яскравы момант у маім жыцці з часоў Плошчы — завядзенне на мяне ў сакавіку 2008-га крымінальнай справы за «арганізацыю і ўдзел у массавых беспарадках» — за ўдзел у дэманстрацыі прадпрымальнікаў. Я атрымаў два гады хатняй «хіміі».

Сёння, на мой погляд, ва ўспрыманні людзьмі сакавіцкіх падзеяў 2006 года ёсць дзве праблемы. Першая — многія, у тым ліку і палітычныя лідэры, працягваюць жыць тымі падзеямі (мінулым), хаця час і людзі змяніліся. Другая праблема — некаторыя дагэтуль імкнуцца раскруціць міфічны трэнд Плошчы, яны ўпэўненыя, што змяніць сітуацыю ў краіне можна толькі такім чынам.

 Віталь, сістэмны адміністратар, 23 гады: «На Плошчы ўбачыў, хто чаго варты»

— У пачатку 2006 года я працаваў у Менску кампутаршчыкам. Мітынг у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы пакінуў у мяне непрыемнае пачуццё: на мой погляд, хвалёныя дэмакратычныя лідэры проста «злілі» гэтую акцыю. Таму на наступны дзень, калі я прыйшоў на Плошчу і пабачыў як нейкія хлапцы з юнацкім запалам прапанавалі раставіць намёты, я паставіўся да гэтай ідэі скептычна.

Але неяк іх уздым распаўсюдзіўся і на мяне, у выніку я прастаяў у ачапленні намётавага мястэчка да самай раніцы.

Агулам правёў потым на Плошчы тры ночы і адзін дзень. Але на суткі не трапіў: у тую ноч з 23 на 24 сакавіка, калі ўсіх забралі, я якраз адсыпаўся дома. 

Па той прычыне, што я працаваў нелегальна, праблем у мяне з-за знаходжання ў намётавым мястэчку не ўзнікла. Але ў адрозненні ад многіх іншых маладзёнаў тыя сакавіцкія падзеі мяне прызямлілі. Убачыў хто чаго варты, якімі няздатнымі да дзеянняў аказаліся нашы лідэры.

Сёння я працую сістэмным адміністратарам на замежную фірму. Па-ранейшаму не прапускаю ні аднаго Дня Волі, але з кожным годам хаджу на акцыі з усё меншай ахвотай. Ажаніўся, юнацкі максімалізм знік і я паступова станаўлюся «добропорядочным гражданином». 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)