Выборы-2020

Тых, хто хацеў паручыцца за Бабарыку, з будынку КДБ забіралі ў пастарунак

У людзей нават не прымалі хадайніцтвы аб паручальніцтве, каб былога прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку адпусьцілі зь СІЗА, піша Радыё Свабода.

Затрыманьне каля будынку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў Менску, 28 ліпеня 2020. Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН

— Гэта добраахвотная чарга ў аўтазак, — кажа адзін з такіх затрыманых Кастусь.

Кастусь і Юлія каля 14.00 аднымі зь першых прыйшлі ў прыёмную Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, каб падаць хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня з узяцьця пад варту на асабістае паручальніцтва.

Фотафакт. Марыя Калеснікава падала хадайніцтва ў КДБ

Раней узяць Бабарыку на парукі пагадзіліся, сярод іншых, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і вядомы дызайнэр Уладзімер Цэсьлер.

Юлія засталася чакаць на вуліцы, а Кастуся запрасілі ў будынак КДБ.

— Нас запусьцілі, спыталі навошта і сказалі «Калі хадайніцтва, то ідзіце сюды». Усіх пасадзілі ў вялікім пакоі за драўляны стол. У пакоі ўжо былі два мажныя праваахоўнікі ў зялёнай форме. Ніхто не прадстаўляўся.

Кастусь кажа, што за сталом сядзелі 8 чалавек. Ні ў кога не правяралі дакумэнты, хадайніцтва ні ў кога ня ўзялі.

— Пасьля празь іншыя дзьверы нас вывелі ва ўнутраны двор КДБ, пасадзілі ў аўтобус, пасьля ў аўтазак. Хадайніцтва ў нас ніхто ня ўзяў. Атрымалася, як добраахвотная чарга ў аўтазак».

Кастусь кажа, што ўсе супрацоўнікі былі «мэгаветлівыя». У аўтазаку мужчын разьмясьцілі ў «клетках». Усяго, па згадках хлопца, было 5 мужчын і 3 жанчыны. Іх адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.

— Нічога не сказалі, за што затрымалі. Пачалі забіраць рэчы, нават матузкі. Я падпісаў сьпіс забраных рэчаў. Пасьля нас адвезьлі ў нейкі «цэнтар», там узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі, — працягвае хлопец.

Пасьля іх ізноў вярнулі ў Маскоўскае РУУС, дзе затрыманаму проста вярнулі рэчы і сказалі, што ён можа ісьці. Аніякіх тлумачэньняў у міліцыі не рабілі.

— Трох іншых павялі «афармляць». Там былі два пэнсіянэры — мужчына і жанчына. Хтосьці зь іх акадэмік, і два індывідуальныя прадпрымальнікі, — кажа Кастусь.

Для яго ўсё затрыманьне цягнулася каля 5 гадзін. Амаль увесь гэты час Юлія чакала яго ў раёне вуліцы Камсамольскай каля будынку КДБ. Кажа, што да яе падыходзіў супрацоўнік КДБ праверыць дакумэнты, размаўляў «вельмі ветліва».

— Праз гадзіну падышоў чалавек у цывільным і ня вельмі ветліва, з доляй агрэсіі пачаў размаўляць, тыкаць. Я сказала, што я чакаю блізкага чалавека, які пайшоў у КДБ. Ён мне на гэта сказаў: «З чаго ты ўзяла, што яго выпусьцяць?» У выніку ён папрасіў мяне «лучше проваливать на проспект».

Увесь гэты час Юлія ня ведала, дзе Кастусь, пакуль каля 19.00 ён ёй не пазваніў.

Кастусь кажа, што хадайніцтва аб асабістым паручальніцтве за Віктара Бабарыку падрыхтаваў, бо «трэба падтрымліваць людзей у такой сытуацыі». Тое, што людзей з хадайніцтвам затрымлівалі, тлумачыць жаданьнем «напалохаць».

Што стала зь іншымі затрыманымі, Кастусь ня ведае.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», каля КДБ 28 ліпеня былі затрыманыя 11 журналістаў (амаль усіх адпусьцілі) і 35 грамадзян, якія спрабавалі падаць хадайніцтвы (некаторых зь іх таксама адпусьцілі да 22.30).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(43)